ЗНОЎ ШПІЁНАМ НЕ ШАНЦУЕ

26 кастрычніка чэшская газэта “Pravo” апублікавала артыкул пад тытулам “ФБР падазрае кіраўніка расейскага цэнтру ў шпіянажы”. Вось гэты артыкул:

Амэрыканская ФБР падазрае кіраўніка расейскага культурнага цэнтру ў Вашынгтоне Юрыя Зайцава ў тым, што ён рэкрутуе шпіёнаў з шэрагаў амэрыканцаў, якім забясьпечваў бясплатныя падарожжы ў Расею. Паведамілі пра гэта сэрвэр Mother Jones і газэта “The Washigton Post”. Зайцаў назваў гэта водгукамі халоднай вайны. ФБР дапытвае 130 удзельнікаў яго праграмы з шэрагаў амэрыканскіх студэнтаў, прадпрыймальнікаў і палітычных дарадчыкаў. Але ў заяве расейскага міністэрства замежных справаў зазначаецца, што йдзецца пра “выдумкі”. Міністэрства заклікала амэрыканскія ўлады публічна дыстансавацца ад спробаў “ачарніць дзейнасьць расейскага культурнага цэнтру ў Вашынгтоне”.

Праграма “Россотрудніченство” забясьпечвае з 2011 года падарожжы ў Расею для маладых палітыкаў, навукоўцаў і бізнэсоўцаў. У праграме ўзялі ўдзел каля 1000 людзей з 50 краін.

(ros, CTK)

Пераклаў з чэшскай В. Буйвал.

Крыніца: http://www.pravo.cz/p250a18d.php

І сапраўды, чаго яны прычапіліся да тав. Зайцава і амэрыканскіх гастралёраў? Нечуванае нахабства! Вунь у нас шэраг такіх, як А. Лябедзька, дык паліт-прапіску ў Маскве маюць, ашываюцца там зь любой нагоды. А “жертва КГБ РБ” Н. Радзіна дык пашпарт у Крамлі атрымала і была перапраўлена на Захад. І хоць бы хны, нічога! Ніхто іх не дапытвае, Расеі не назаляе. Як былі, так і застаюцца выдатнымі постацямі ў шэрагах апазыц-барцоў. Падобна, што ў ЗША настае новы пэрыяд бязьлітаснага макарцізма. Праграму “Россотруднічества” могуць прыкрыць, ніхто пра вялікую рускую культуру не даведаецца...

Сымон Рудзік