ЦЫТАТЫ З “ПРАВААБАРОНЧАГА ФОРУМА” У ВІЛЬНІ

Другі дзень запар у Вільні засядаюць “беларускія праваабаронцы”. У іх там “форум”. Як падае Радыё Свабода, іх там сабралося больш за 100 (!) і з 25 арганізацый (!). “Нашы абаронцы” пасьмялелі за мяжой, у дэмакратычнай краіне і разгаварыліся. Цытуем:

Прадстаўнік БАЖ (Белорусской Ассоціаціі Журналістов) Б. Гарэцкі:

“Мы правялі апытаньне журналістаў і склалі рэйтынг закрытасьці ўстаноў. Аказалася, што яго ўзначаліў не КДБ і МУС, якія хоць маюць прэсавыя службы, а міністэрства аховы здароўя і міністэрства сельскай гаспадаркі. Пасьля гэтага мы да іх зьвярнуліся да ўстановаў з пытаньнем, чаму гэтак атрымалася? Нам адказалі. І выявілася, што толькі 3 з 40 ведамстваў спаслаліся на пэўны рэглямэнт ў працы з мэдыямі, а астатнія спасылаліся не на нормы закону, а на захады кіраўніцтва. Пасьля гэтага некаторыя установы сталі ўсё ж больш адкрытымі для журналістаў і пачалі распрацоўваць рэглямэнт працы з журналістамі”.

А. Казьлюк (Цэнтр прававой інфармацыі):

“Правы чалавека — гэта заўсёды ўзаемадзеяньне праваабаронцаў зь дзяржавай, інакш няма выніку і няма абароны правоў чалавека, а гэта ўжо іншая дзейнасьць”.

А. Анісім з ТБМ:

“У нас таксама склаўся свой рэйтынг кантактаў. Зь міністэрствам сувязі — плённае супрацоўніцтва, зь мініністэрствам адукацыі — горш, там слаба прыслухоўваюцца да нашых прапаноў і слаба ідуць на кантакт. “Мы стаім на такім грунце: хто б не стаяў на чале дзяржавы, ён абавязаны вырашаць праблемы, якія стаяць перад грамадзтвам”.

Т. Сяргей (ініцыятыва “Женшчіны протів беззаконія в судах і прокуратуре”):

“Чыноўнікі розныя і трэба шукаць і знаходзіць ў іх станоўчыя рысы. Таксама праваабаронца перакананая, што адзін і той жа чыноўнік здольны і на добры і на дрэнны ўчынак”.

Старшыня ТБМ А. Трусаў (і ён праваабаронца!):

“Калі вы нечага патрабуеце праз заявы з подпісамі, трэба зьбіраць тысячы подпісаў і дасылаць іх ў асобых капэртах усяго па некалькі подпісаў, тады эфэкт значна большы”.

(Канец цытаваньня).

Слава сахаравым-салжаніцыным нашай эпохі! Гэта ж якая грамадзянская мужнасьць! Які грантаўскі задор! Які ўнёсак у гуманітарную дзейнасьць усяго чалавецтва!

Што праўда, бальшыню зь іх беларусы беларусы ніколі ня бачылі і ня чулі пра іх (праваабаронства, як вядома, справа далікатная), а некаторых пабачылі ў розных мякка кажучы неадназначных сытуацыях. І вось яны, бачыце, ратуюць нас на міжнароднай арэне.

Янка Базыль