АПОШНЯЯ ГАСТРОЛЬ

23 кастрычніка насупраць комплекса Варшаўскага ўнівэрсітэту прайшоў пікет у падтрымку палітвязьня Мікалая Аўтуховіча. У асноўным маладыя людзі трымалі партрэты Аўтуховіча, было некалькі Бел-Чырвона-Белых Сьцягоў. Фота на Радыё Свабода дэманструе ўсю кампазыцыю. Перад шэрагам пікетоўцаў стаіць Слава Сіўчык і нешта вяшчае ім у мэгафон. Фармальны аналіз паказвае, што Сіўчык проста пазіруе. Ну, сапраўды, навошта гукаць у гукаўзмацняльнік, калі перад табой вельмі блізка стаяць некалькі чалавек, а побач няма ніякіх канкурэнтных шумоў? Усё чуваць і так. Але некаму важна было паказаць, хто “камандуе парадам”. Вось яны і паказалі.

На левым флангу стаіць сівы, 60-гадовы чалавек. Гэта Валеры Сядоў. Некалі ён быў вельмі вядомым дзеячам Народнага Фронту. Мужны, рашучы, бескампрамісны, ён трымаў палітычную галадоўку ў турме ў 1991 годзе. Савецкі тады яшчэ рэжым спрабаваў абвінаваціць яго ў тым, што падчас знакамітага антыкамуністычнага мітынгу ў Менску (7 лістапада 1990 г. ) ён узьняў Бел-Чырвона-Белы Сьцяг над помнікам Леніну і гэтым “пашкодзіў помнік культуры”. Яго ўдалося тады вызваліць з турмы з дапамогай міжнароднай грамадзкасьці. А тут і СССР ляснуў. В. Сядоў пазьней адышоў ад Фронту, але заставаўся ў памяці фронтаўцаў як прыклад мужнасьці.

І вось мы раптам бачым, як ён стаіць і вымушаны быццам бы слухаць пазіраванае гаварэньне вядомага правакатара Сіўчыка. Абсурд нейкі. Але тэхналёгія правакацыйнай публікі вядомая — заскочыць, забегчы і засьвяціцца.

Ян Булыга