“ОСТАПА ПОНЕСЛО...”
Розныя людзі і розныя інстытуцыі па-рознаму адзначылі 25-я ўгодкі стварэньня Беларускага Народнага Фронта. Рэжым дык узяў і зусім змаўчаў як вады ў рот набраўшы. Гэбельсаўскія абавязкі былі перададзены ў структуркі імітацыйна-падстаўной псэўдаапазыцыі. Але трэба прызнаць, што прагучала іхная “трактоўка гістарычных падзей” неяк невыразна, без “комсомольского огонька”. Падобна, што рэсурс вычэрпваецца. Самай прыкметнай з заяваў на згаданую тэму быў, можна сказаць, каласальны артыкул пра БНФ у газэце “Нар. Воля”. Пачытаўшы яго, людзі пытаюцца ў нас: а хто такі Анатоль Астапенка? Так што трэба патлумачыць.
А. Астапенка (у народзе “Остап”) — даволі даўні пэрсанаж палітычнай арэны з часоў перастройкі-галоснасьці. Ён пабыў у некалькіх партыях і нават заснаваў адну (гэта ёсьць у ягоных аўтарскіх рэгаліях у “Нар. Волі”). Людзі, як правіла, яго сур'ёзна не ўспрымалі. І як можна было ставіцца да чалавека, які глыбака, як кажуць расейцы, “в пояс”, кланяўся Бахусу? Гэта адбівалася і на яго зьнешнасьці і на яго паводзінах. Калі ён зьяўляўся часам на паседжаньнях БНФ, то дзяжурныя далікатна выдалялі яго з памяшканьня.
Трэба аддаць належнае, паводле “дэмСМІ”, ён спачатку быў абраны старшынёй Беларускага таварыства ананімных алкаголікаў, а потым нават перастаў піць. Гады два таму на Радыё Свабода выдала праграму, у якой ён быў у цэнтры. А. Астапенку РС назвала “пісьменьнікам” і пыталася ў яго думкі пра становішча ў краіне. Тут мы ўспомнілі, што ў кнігарнях была Астапенкава даволі тоўстая кніга, у якой “ён напісаў пра ўсё” (а канкрэтна: мярзотна пра Фронт, фронтаўцаў і сваю паліткар'еру).
Цікава, што не знайшлося больш ахвотных на мярзотны і фальшывы артыкул у “Нар. Волі” пра 25-годдзе БНФ. З “Остапом” усё зразумела, хто гэта такі. Можна толькі паспачуваць яму.
У некаторых узькаюць пытаньні наконт рэдактара Сярэдзіча і “Нар. Волі” у цэлым. (Гэта ж трэба было дадумацца заказаць артыкул пра 25-годдзе БНФ такому “Астапу”) Некаторыя нават зьдзіўлены такой падзеяй. А зьдзіўляцца няма чаму. Газэта даўно ператворана ў рупар антыбеларускага рэжыму. Яшчэ пытаньні ёсьць, шаноўныя сябры?
Сымон Рудзік