МЭДАЛІСТКА З СССР
22 кастрычніка чэшскія СМІ паведамілі аб тым, што расейская дысыдэнтка Натальля Гарбанеўская атрымала ў Празе памятны мэдаль пражскага Карлавага Ўнівэрсітэту. Яе ўзнагародзілі за тое, што яна разам з 7 іншымі асобамі ўдзельнічала ў акцыі пратэсту ў Маскве ў жніўні 1968 года. Яны пратэставалі супраць тадышняй савецкай акупацыі Чэхаславакіі.
Газэта “Ceske Noviny” напісала так: “Гарбанеўская атрымала мэдаль за заслугі ўсяго жыцьця ў змаганьні за дэмакратыю, свабоду і правы чалавека”.
Яе будуць прымаць важныя дзяржаўныя асобы. Газэта распавяла таксама, што за дысыдэнцтва Гарбанеўская два гады правяла ў псіхіатрычным шпіталі. А ў 1975 г. эмігравала ў Францыю, дзе жыве й цяпер. Яна па 2-3 разы штогод бывае ў Расеі. Цяпер рыхтуецца стаць кіраўніцай дыпломнай работы ўвязьненай Марыі Алёхінай зь вядомай панкаўскай групоўкі Pussy Riot.
Тут трэба нагадаць, якая “гуманістка” гэтая мадам-руская-рэвалюцыя. Калі летась ішоў дзікі працэс над нашым нацыянальным героям Сяргеям Каваленкам, і па ўсім сьвеце былі распаўсюджаны яго здымкі (зьнясілены галадоўкай і зьдзекамі, але мужны, нязломны беларус), то ў шэрагу краінаў пачаўся збор подпісаў за яго вызваленьне з турмы. Польскія сябры Беларусі зьвярнуліся і да вядомай маскоўска-парыжскай дысыдэнткі Н. Гарбанеўскай. Яна зьбіла іх з ног сваім адказам на заклік “падпісацца за вызваленьне змагара супраць прамаскоўскага рэжыму ў Беларусі”. Гарбанеўская адмовілася падпісацца за Каваленку, бо не лічыць рэжым Лукашэнкі прамаскоўскім, Але прычым тут адмова ў падтрымцы для Каваленкі? Вось табе і дысідэнтка!
Што ёй беларускі герой? Ён жа ўзьняў родны сьцяг над родным горадам (гэта ж “антымаскоўскае хуліганства”). Вось каб ён утварыў нейкую мярзоту ў царкве — вось гэта было б “на высоте!”
Польскія сябры гэтага ня ведалі, а беларусы ўведалі даўно — колькі б ні сядзеў у турмах і псіхушках маскоўскі дысідэнт, самым прыемным для яго будзе тая ж імпэрыя зь яе турмамі і псіхушкамі. Да такіх асобаў ня трэба зьвяртацца.
Гэта фальшывыя змагары “ за правы чалавека” (а на справе за правы паскудзтва).
Сяргей Камароўскі