АГЛЯД ЗА ВЕРАСЕНЬ
(Выступ на кастрычніцкім 2013 г. Сойме КХП-БНФ і БНФ “Адраджэньне”)
Мінуў верасень і, як звычайна, пры такім рэжыме, нічога станоўчага ў Беларусі не адбылося. Памёр сябра нашай Партыі, наш выдатны беларускі філосаф Мікалай Крукоўскі. Заўчасна памёр адзін з пачынальнікаў БНФ Віктар Івашкевіч і яшчэ шэраг беларусаў. Увогуле, калі азірнуцца ўстыч на некалькі гадоў, то складваецца ўражаньне, што паміраюць адны добрыя беларусы і выяўляецца нейкая схаваная, цёмная логіка пануючага зла. Але гэта, так бы мовячы, працэсы натуральныя. Ненатуральнае ўсё тое, што вытварае антыбеларускі рэжым. Вынішчэньне беларускай культуры і жыцьцяздольнасьці нацыі не спыняецца ніколі. Сілы, каб спыніць гэты рэжым, у нас яшчэ няма. Накапліваць яе трэба пастаянна, ведаючы, што задача рэжыму — зьнішчыць усё.
Нядаўна паведамлена пра скарачэньні на адну траціну працаўнікоў, занятых у сфэры культуры. Зразумела, што для бюджэту тое нічога ня значыць, бо гэта мізэр. Але для беларускай культуры тут моцны ўдар, прадуманы рэжымам у рэчышчы яго антыбеларускай палітыкі.
Фактычна пачалося чарговае адкрытае дзеяньне па пагрому беларускай культуры. Я кажу “адкрытае”, бо акупацыйны рэжым даўно зразумеў, што супраціўленьня ня будзе што б яны ні рабілі, нават калі б людзям у вочы плявалі і абзывалі ўжо не “народцам”, а скацінай. Ніхто б не абураўся, не стаў бы страляць, нават кулакамі махаць. Мяркую, што такі ганебны стан будзе трываць усё ж да пары. Нашая задача набліжаць гэтую пару.
Зьвяртаю ўвагу, што якраз у гэты час узурпатар выдаў таемны загад, паводле якога выпускнікі сярэдніх навучальных установаў краіны вызваляюцца ад абавязкавай адпрацоўкі паводле разьмеркаваньня альбо ад выплаты грошай за навучаньне, калі прадоўжаць сваё навучаньне ў ВНУ Расейскай Фэдэрацыі. Такім чынам рэжым прапануе ільготы за русіфікацыю і выштурхваньне моладзі зь Беларусі.
Усе спробы рэжыму, якія мы назіраем цяпер, накіраваныя выключна на разбурэньне культуры і грамадзтва Беларусі. Падвышэньне падаткаў выштурхне і пакладзе прадпрыймальніцтва. Падатак на выезд замяжу ў суме 100 даляраў жорстка абмяжуе жыцьцёвыя магчымасьці простых людзей (акрамя мафіі і дзяржаўных чыноўнікаў) і г.д. Але ўрэшце рэшт складваецца ўражаньне, што сатрап ужо перастаў слухаць сваіх мафійных дарадцаў і прымае рашэньні толькі свае (відаць гэта па характару і ўзроўню) і ціха капае сабе яму.
Прыкладна паўтары месяцы таму “православный атеист” рашыў напалохаць Касьцёл, каб не надта разьвіваўся (а то “неудобно”) і арыштаваў ксяндза Лазара па прыдуманым і абсурдным абвінавачваньні. Захоп закладнікаў — гэта ўжо выпрабаваны стыль гэбісцкага рэжыму. Брыдкай справай з увязьненьнем ксяндза зацікавіўся сам Папа Францішак, і ёсьць надзея, што закладніка ўсё ж выпусьцяць “бяз выкупу”. Але зьвернем увагу на іншае. За ўвесь гэты час незаконнага захопу ксяндза і незаконнага яго ўтрыманьня ніводная так званая праваабарончая арганізацыя, ніводная “эмнісьці” і ніводзін палітык-дэмагог за правы чалавека — не ўзьнялі свой голас супраць несправядлівасьці і парушэньня правоў ксяндза Лазара. Тут яшчэ адна ілюстрацыя да характарыстыкі ўсіх гэтых лібэральных нібыта абарончых фікцый. Некалі яны выразна засьвяціліся ў дачыненьні да трагічнай галадоўкі нашага нацыянальнага героя Сяргея Каваленкі, калі вядомая арганізацыя “Міжнародная Амністыя” падтрымала не палітычнага вязьня рэжыму, а стала на бок рэжыму Лукашэнкі. Гэта вымоўны факт, калі лявацкая публіка раскрылася з усім сваім падвойным дном.
У верасьні была прадэманстравана яшчэ адна антыбеларуская падзея, пра якую ў друку панапісвалі цэлыя кублы лухты. Гэта ваенныя вучэньні расейска-лукашысцкага войска на тэрыторыі Горадзенскай і Берасьцейскай вобласьцяў у Беларусі. Асноўная дымавая заслона ў друку заключалася ў прадстаўленьні гэтых вучэньняў як агрэсіўнай адпрацоўкі варыянту вайны супраць НАТО і заходніх дзяржаваў. Асабліва шчыравалі ў гэтай вэрсіі Польшча і прыбалтыйскія краіны. Тлумачэньне пазыцыяў гэтых краінаў простае: яны хацелі пераканаць Брусэль, каб ім далі больш грошай на абарону і на ўсё, што каля гэтага.
Элемэнтарна зразумела, што ні НАТО не плянуе нападаць на Расею, ні Расея на НАТО. Тым больш, што расейскае войска не ў стане весьці вайну на сучасным ваенна-тэхнічным узроўні. І Расея тое ведае. І НАТО таксама. Сытуацыя цяпер зусім іншая, чым тады, калі існаваў Савецкі Саюз.
Уся ваенна-стратэгічная палітыка Расеі на Захадзе падпарадкавана адной галоўнай, прыярытэтнай і першачарговай мэце: забясьпечыць сваю ваенную прысутнасьць на тэрыторыі Беларусі і Ўкраіны і ўлучыць іх у склад Расеі. Гэта ёсьць галоўная ідэя фікс расейскай стратэгіі на Захадзе, і ад яе яны не адступяцца, пакуль будуць існаваць у тым выглядзе, як цяпер. Захоп Прыбалтыкі магчымы толькі пасьля захопу Беларусі.
На сумесных вучэньнях расейскіх і рэжымных войскаў у 2009 і 2013 гадах адпрацоўваўся галоўны варыянт манеўраў: барацьба і збройнае здушэньне магчымага беларускага ваеннага (партызанскага) супраціўленьня акупацыйнаму войску. Закамуфлявана гэта было пад прымітыўню вэрсію аб тэрарыстах, якія аднекуль “пранікнуць” і г.д.
Расейцы сур'ёзна рыхтуюцца да вайны на Захадзе (у Беларусі) і да паступовага вайсковага захопу нашай тэрыторыі. Адзін з мэтадаў такой акупацыі дасканала выпрабаваны ў расейскай палітыцы — гэта ўвядзеньне сваіх вайсковых баз на тэрыторыю намечанай краіны. У 1939-40 гг. гэтак была захоплена Прыбалтыка. Ваенная прысутнасьць на тэрыторыі іншай краіны — гэта ўжо частковая акупацыя і пагроза сувэрэнітэту. Чужое войска можа ўмяшацца ва ўнутраныя працэсы краіны “па просьбе трудзяшчыхся” ці пэўных уладна-палітычных груп. Можа быць задзейнічана чужая авіяцыя, фармаваньні і г.д. На сёньняшні дзень у справе дапушчэньня чужога войска ў Беларусь Лукашэнка дзенічае як дзяржаўны ваенны злачынца і павінен будзе пайсьці пад трыбунал.
Нажаль, у нашым грамадзтве (паўтаруся) яшчэ не сасьпелі ўмовы, каб можна было вырашыць пытаньне аб адказнасьці і пакараньні гэтай цёмнай асобы. Усьведамленьне ж таго відавочнага факту, што лёс і свабода шматмільённай нацыі залежаць ад дзеяньняў адной малакультурнай абмежаванай істоты, якая апынулася на вяршыні ўлады, паказвае нам, у якім небясьпечным стане знаходзіцца наша краіна.
20 кастрычніка 2013 г.
Зянон ПАЗЬНЯК