РАСЕЙСКАЯ ЧУМА СЬВІНЕЙ АЛЬБО БРАТАНЬНЕ З ЧУМНЫМ БАРАКАМ

15 кастрычніка расейская інтэрнэт-газэта News.ru апублікавала артыкул пад тытулам “Рассельгаснагляд папярэдзіў пра маючую адбыцца пагібель айчыннай сьвінагадоўлі”. Вось гэты артыкул:

Фэдэральная служба па вэтэрынарнаму і фітасанітарнаму нагляду (Рассельгаснагляд) у аўторак дала адмоўны прагноз разьвіцьця сытуацыі з афрыканскай чумой сьвіней (АЧС), якая не нясе небясьпекі чалавеку, але ёсьць сьмяротнай для сьвіней, перадае РБК.

Выступаючы на круглым стале ў Камітэце Савета Фэдэрацыі па аграрна-вытворчай палітыцы і прыродакарыстаньні, намесьнік кіраўніка службы Мікалай Уласаў паведаміў, што ў 2013 годзе выяўлена 89 дрэнных па АЧС пунктаў і 89 інфіцыраваных аб'ектаў. “Так шмат не было ніколі, звычайна ўкладваліся ў сотню (сумарна)”, — ацаніў сытуацыю чыноўнік.

На сёньняшні дзень у Расеі існуюць два эндэмічныя вогнішчы, якія пашыраюцца, дзе хварэюць і хатнія, і дзікія жывёлы. Першы — гэта паўднёвая частка цэнтру Растоўскай вобласьці, другі — Цьверская вобласьць і суседнія зь ёю рэгіёны.

“Хвароба тут выйшла па-за межы і ахапіла пяць вобласьцяў, а таксама патрапіла ў Беларусь. Гэтыя вогнішчы пагражаюць зьліцьцём, і традыцыйная сьвінагадоўля можа стацца немагчымай. Прагноз сытуацыі адмоўны”, — сказаў ён.

Уласаў таксама паведаміў, што акрамя АЧС у РФ дрэнная сытуацыя па яшчару, вельмі напружаная сытуацыя па бруцэлёзу і лептаспірозу, таксама па некаторых іншых захворваньнях жывёл.

Афрыканская чума сьвіней (хвароба Мантгомэры) упершыню была зафіксавана ў 1903 годзе ў Паўднёвай Афрыцы. АЧС не паддаецца лекаваньню і вакцынапрафілактыцы, спыніць распаўсюджваньне віруса можна толькі жорсткімі каранціннымі захадамі. У РФ вірус распаўсюджваецца з 2007 года, за гэты час зьнішчаны сотні тысячаў сьвіней.

У распаўсюджваньні захворваньня доўгі час падазравалі дзікоў. Аднак, як патлумачыў на тым жа мерапрыемстве ў СФ у аўторак намесьнік міністра прыродных рэсурсаў і экалогіі Расеі Уладзімір Лебедзеў, дзікі не вінаватыя і іх адстрэл ня вырашыць праблему.

Пераважная бальшыня ўспышак АЧС, па словах намміністра, адзначаецца сярод хатніх сьвіней, а дзікі заражаюцца ў другую чаргу ў выніку таго, што ў прыроднае асяроддзе трапляе інфіцыраваны матэр'ял. Да таго ж дзікі пры наяўнасьці кармоў схільныя да аседласьці і мігрыруюць мала. Гэта ж адносіцца да заражаных дзікіх жывёл, у сувязі з чым яны гінуць непадалёк ад месца заражэньня, адзначыў намначальніка Мінпрыроды.

“Аналіз храналогіі і геаграфія распаўсюджваньня АЧС выяўляе хуткі перанос віруса на вялікія адлегласьці, адсутнасьць ўзаемасувязі паміж вогнішчамі, далучнасьць да магістральных транспартных плыняў, наяўнасьць успышак АЧС у рэгіёнах, дзе дзікі зусім не жывуць, і, напрыклад, на прадпрыемствах закрытага тыпу”, — дадаў Лебедзеў.

Нагадаем, яшчэ ў 2011 годзе прадстаўнікі Міністэрства сельскай гаспадаркі заявілі, што ў выпадку прамаруджваньня з пачаткам актыўнай барацьбы з афрыканскай чумой сьвіней гэтыя жывёлы ў Расеі могуць цалкам вымерці. “Калі (...) не прыступім да выкананьня мерапрыемстваў барацьбы, ёсьць усе шансы страціць усё сьвінапагалоўе ў РФ!, — заяўляла тады міністар сельскай гаспадаркі РФ Алена Скрыннік.

Крыху пазьней начальнік Расспажыўнагляду Генадзь Анішчанка раскрыў і крыніцу распаўсюджваньня хваробы. “Я абсалютна адназначна магу сказаць, што чума сьвіней прышла да нас з Грузіі”, — заявіў галоўны расейскі санлекар на пачатку чэрвеня сёлета. Па яго словах, гэта “не выпадковая, а строга сплянаваная акцыя, мэта якой — падарваць эканоміку паўднёвых і паўночнакаўказкіх рэгіёнаў Расеі”.

У Грузіі, аднак, ужо некалькі гадоў запар нагадваюць, што АЧС не магла прысьці ў Расею з іхняй краіны, бо там такой хваробы няма.

Аднак барацьба з АЧС выйшла на ўрадавы ўзровень толькі апошнім часам. У ліпені сытуацыю напружанай прызнаў прэм'ер Дзімітры Медведев. Улады, як чакаецца, у хуткім часе могуць забараніць трымаць сьвіней гаспадаркам, якія не выконваюць захады біялагічнай абароны.

Пераклад з расейскай.

Крыніца: http://newsru.com/finance/15oct2013/montgomery.html

У сувязі з драматычнымі падзеямі паўстаюць пытаньні. Напрыклад, наконт абсалютна адкрытай, практычна неіснуючай беларускай дзяржмяжы з Расеяй. Наконт дзейнасьці ўраду РБ у цэлым і структураў ды чынавенства, адказных за вэтэрынарны кантроль на нашай тэрыторыі: чым яны займаліся, калі АЧС лютавала ў “братняй Расеі” ужо з 2007 года? Вядома, што летась шэраг вэтэрынарных чыноўнікаў РБ раптам звольніліся з сваіх добрааплочваемых пасадаў (яны ведалі, што адбываецца). Расея зьяўляецца (як прызнаюць яе дзяржслужбы і СМІ) крыніцай іншых небясьпечных хваробаў жывёл. Дзяржмяжа з гэтым кашмарам застаецца адкрытай і неіснуючай. Колькі яшчэ нас будуць прымушаць братацца з чумным баракам?

Сяргей Камароўскі