ТОЛЬКІ ГРАМАДЗКІ СУПРАЦІЎ, ТОЛЬКІ БЕЛАРУСКАЯ САЛІДАРНАСЬЦЬ
Кастрычніцкі Сойм Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ
20 кастрычніка 2013 года адбылося паседжаньне Сойму Беларускага Народнага Фронту і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ.
Сойм заслухаў выступ сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі БНФ (апублікаваны).
Выступілі сп. Юры Беленькі, выканаўца абавязкаў старшыні ў Беларусі БНФ “Адраджэньне” і КХП-БНФ, і сп. Алесь Чахольскі, адказны сакратар Управы БНФ “Адраджэньне” і КХП-БНФ. Выступоўцы распавялі пра сьвяточныя мерапрыемствы з нагоды 25-х угодкаў Беларускага Народнага Фронту. Круглая дата стала нагодай для падсумаваньня вынікаў і асэнсаваньня сутнасьці падзеяў апошняй чвэрці стагоддзя. Можна сказаць адназначна, што менавіта фронтаўскае рушаньне начале з Зянонам Пазьняком згуртавала патрыятычны авангард нашага грамадзтва і ў цяжкіх умовах змаганьня дасягнула аднаўленьня незалежнасьці Беларусі. Народны Фронт працягвае змаганьне ў абароне нашай нацыянальнай культуры, мовы і дзяржаўнай незалежнасьці. Менавіта беларускія патрыёты-фронтаўцы забясьпечваюць станоўчую пэрспэктыву разьвіцьця Беларусі ў сучасным сьвеце. Імпэрскім ворагам, калабарантам і псэўдаапазыцыйным імітатарам ня ўдасца павярнуць устыч гістарычныя працэсы, справа іхная марная. Беларускі народ будзе жыць у дэмакратычнай, эўрапейскай дзяржаве, а не ў суседняй імпэрыі, якая ідзе да свайго канчатковага правалау.
Выступілі таксама сябры Сойму з розных рэгіёнаў краіны. Яны распавялі пра чарговы этап пагрома нашай культуры. Пад выглядам скарачэньня кадраў ва ўстановах культуры рэжым спрабуе здушыць і вычварыць нацыянальнае культурнае жыцьцё, а работнікаў культуры прывесьці ў стан поўнага падпарадкаваньня антыкультурнаму прамаскоўскаму рэжыму. Практыка яшчэ раз паказала, што кампрамісы з гэтым рэжымам немагчымыя (пра гэта беларусаў заўсёды папярэджваў Народны Фронт). Немагчыма прыстасавацца да гэтага рэжыму, неяк пражыць пад ім, перачакаць і г.д. Цяпер у гэтым пераконваюцца работнікі культуры, якіх выдаляюць з працы. Толькі грамадзкі супраціў, толькі народная Беларуская Салідарнасьць зьяўляюцца гарантыяй цывілізаванага разьвіцьця нашай культуры і цывілізацыі.
Сябры Сойму паведамілі пра падтрымку ідэі вылучэньня сп. Зянона Пазьняка на Нобэлеўскую Прэмію Міру. Людзі па ўсёй Беларусі пачулі заклік удзельнікаў сьвяточных мерапрыемстваў, што адбыліся 18 кастрычніка ў Менску. Беларусы разумеюць, што менавіта пад кіраўніцтвам сп. Зянона Пазьняка патрыятычны авангард дасягнуў важнейшых палітычных і грамадзкіх пераўтварэньняў у нашай краіне мірнымі і негвалтоўнымі мэтадамі, што было прыкладам для іншых народаў. Сябры Сойму прагаласавалі і аднагалосна падтрымалі ініцыятыву грамадзянаў і вырашылі разгарнуць працу па вылучэньні сп. Зянона Пазьняка на гэтую міжнародную прэмію.
Сойм абмеркаваў планы асьветніцкай і палітычнай працы.
Інфармацыйная камісія Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ
20 кастрычніка 2013 г.