А “СВАБОДА” ЯК ТУТ АПЫНУЛАСЯ?

З раніцы 17 кастрычніка Радыё “Свабода” зьвярнулася да чытачоў свайго сайта з чарговым пытаньнем “на засыпку”. На старонцы выстаўлена рэпрадукцыя аднаго вядомага савецкага плаката, надпіс якога перароблены ў “духу актуалізацыі”.

Маецца на ўвазе хрыстаматыйны плакат, выкананы Д. Морам у чэрвені 1920 года. Чырвонаармеец у чырвонай кашулі і будзёнаўцы на фоне фабрычных комінаў з чорным дымам тыцкае пальцам у гледача і разьзяўляе рот у пытаньні. Пытаньне перададзена ў тэксьце плаката: “Ты запісался добровольцем?” У чырвоных сапраўды была праблема з неахвотай людзей ваяваць і паміраць за саветы. Вось яны і падключылі творчую інтэлігенцыю. Д. Мор нічога новага не прыдумаў. Ён зрабіў амаль дакладную кальку з брытанскага прапагандысцкага плаката перыяду І Сусьветнай вайны. На тым плакаце малады афіцэр такім жа жэстам зьвяртаецца да брытанцаў і заклікае іх запісвацца ў армію.

Радыё Свабода рэпрадукавала на сваёй старонцы кальку з савецкага плаката, выкананую Маладым Фронтам. Мы бачым таго ж мораўскага чырвонаармейца і ўсё астатняе. Пытаньне ў тэксьце плаката сфармулявана так: “А ты пампуеш Максіма Багдановіча?” Мал. Фронт зьвярнуўся з прапановай разьвешваць такія плакацікі да адміністрацыі аўтобуснага парку ў Салігорску. Маўляў, такім чынам людзі ў аўтобусах навярнуцца да беларускай класікі, будуць спампоўваць яе ў Сеціве і чытаць-адукоўвацца.

Спадзяемся, што салігорскія аўтобусьнікі — людзі дарослыя і адэкватна ацэняць “прапанову” недалёкіх маладзёнаў, якія ўсё робяць з інфантыльным вывертам (“хіпова”).

Ужо даўно раскрылася, што структурка МФ — гэта кіруемая службамі рэжыму крэатура. Звонкая бразготка, МФ паказаў сябе ў розных сытуацыях. Яно б можа і нічога, але шмат моладзі патрапіла ў вір да гэтых “хіповых”, многія сур'ёзна пацярпелі ад правакатараў і маладых папоў-гапонаў кшталту Дашкевіча. Вось і гэтым разам імя нашага Паэта яны падаюць з бальшавіцкай сымволікай, у рамках чырвонай класікі і з дуракаватым заклікам “пампаваць”. Робяць пры гэтым выгляд, што нічога не разумеюць. Мяркуем, аднак, што не самы недалёкія маладзёны прыдумалі, нарысавалі і напісалі гэта. Ім падсунулі гэта “рысавальшчыкі” больш саліднага ўзросту. Такое сярод нармальных людзей называецца прафанацыяй.

Зь імі ўсё зразумела. А вось Радыё “Свабода” як тут апынулася? Такія паводзіны рэдакцыі можна параўнаць толькі з нейкімі непераборлівымі дзеяньнямі асацыяльных асобаў.

Людзі даўно ўжо прыкмецілі, што стылёва “Свабода” даволі блізка падсунулася да ўзроўню “Нашай Нівы”, ператворанай нячыстымі рукамі спэцоў у жоўтую пляцоўку. Глядзіш на гэта ўсё і аж на душы трывожна.

Сымон Рудзік