“УЖО ШТОЧАЦЬВЁРТЫ ФРАНЦУЗ ПАДТРЫМЛІВАЕ НАЦЫЯНАЛІСТАЎ. ЧАРГОВЫ ПОСЬПЕХ МАРЫН ЛЁ ПЭН”
15 кастрычніка польская газэта “Gazeta Wyborcza” апублікавала артыкул пад такім тытулам. Вось гэты артыкул:
Наймацнейшай палітычнай партыяй Францыі зьяўляецца сёньня экстрэмісцкі Нацыянальны Фронт — у нядзелю ён выйграў чарговыя дадатковыя выбары. З даўняга часу ён таксама апярэджвае дэмакратычныя партыі ў апытаньнях.
— Гэта прыгожая перамога! Французы выказалі жаданьне зьменаў ва ўсёй краіне! — выказвала задавальненьне пасьля перамогі Марын Лё Пэн, старшыня Нацыянальнага Фронту.
Яе кандыдат выйграў ў апошнюю нядзелю дадатковыя мясцовыя выбары ў Вар на поўдні краіны. Атрымаўшы 54% галасоў, ён перамог суперніка з кансэрватыўнай UMP (Хаўрус дзеля Народнага Руху).
Папулярнасьць нацыяналістаў у гэтым рэгіёне расьце гадамі, разам з нелюбоўю да імігрантаў. Гэта сур'ёзна непакоіць сацыялістаў.
— Гэта, на жаль, кепская навіна для дэмакратыі і ўсяе рэспублікі. — сказаў сацыялістычны міністар ў справах выхаваньня Вінсэн Пэён.
Дзьве найвялікшыя партыі — сацыялісты і UMP — папярэджваюць, што масавая падтрымка крайне правага Фронту можа скончыцца для Францыі выбухам хвалі ксэнафобіі нябачаных дагэтуль маштабаў.
— Яны панікуюць, ім не застаецца нічога, акрамя зьнявагаў. — адказала канкурэнтам Лё Пэн.
Перамога на дадатковых выбарах зьяўляецца для нацыяналістаў добрым прагнозам перад мясцовымі выбарамі і выбарамі ў Эўрапарлямант у наступным годзе. Сёньня за Народны Фронт хацелі б прагаласаваць 24% французаў, а за кансэрватыўны UMP — 22%. А вось кіруючых сацыялістаў падтрымалі б толькі 19% выбаршчыкаў.
Вынік апытаньня разам са здымкам лідэра апытаньня Марын Лё Пэн нядаўна зьмясьціў на сваёй вокладцы штотыднёвік “Le Nouvel Observatuer” разам зь вялікім тытулам: “Апытаньне, якое выклікае страх”. Нацыянальны Фронт яшчэ чатыры гады таму быў на маргінэсе французкай палітыкі. На выбарах у Эўрапарлямант у 2009 годзе ён атрымаў 6% галасоў, ледзь перакрочыўшы выбарчы парог. Няшмат людзей падтрымлівала тады партыю, якая заклікала выдаліць імігрантаў з краіны і сябры якой нярэдка выхвалялі Гітлера.
Зьмена настала два гады таму, калі старшынёй Фронту стала 45-гадовая Марын Лё Пэн, дачка Жана-Мары Лё Пэна, заснавальніка Фронту. З партыйнай рыторыкі зьніклі брутальныя выбрыкі ў стылю Лё Пэна-бацькі, які мог сказаць, што газавыя камэры былі “дэтальлю гісторыі”. На дэманстрацыях няма ўжо малойцаў, аголеных налыса. Каб здабыць новых выбаршчыкаў, партыя прайшла эвалюцыю: яна шырока выкарыстоўвае тэхналогію, прыцягвае экспэртаў і значна ўзмацніла свае структуры, сярод іншага, абапіраючыся на сваю маладзёвую арганізацыю.
— Посьпех Нацыянальнага Фронту зьвязаны з тым, што Марын Лё Пэн удалося пазбавіць партыю ад дэманізацыі. — лічыць Фрэдэрык Дабі з інстытута Ifop. На ягоную думку, як сацыялісты, так і кансэрватары ня ведаюць, як змагацца з экстрэмістамі, якія пазьбягаюць крайне правых акцэнтаў. — Да таго ж яны з цяжкасьцю знаходзяць альтэрнатыўную, прывабную прапанову для выбаршчыкаў. — кажа Дабі.
Да таго ж некаторыя лёзунгі Фронта сталі сугучнымі з лёзунгамі сацыялістаў і кансэрватараў. У гаспадарчым пляне нацыяналісты павярнулі налева. Нацыянальны Фронт дамагаецца вяртаньня ранейшага пэнсійнага ўзросту — г. зн. у 60 гадоў замест цяперашніх 62 гадоў — і таксама паніжэньня падаткаў для тых, хто зарабляе найменш. Нязьменным застаўся гаспадарчы папулізм, у якім кожны нешта для сябе знойдзе, а таксама нацыянальная праграма: партыя надалей дамагаецца выйсьця з зоны эўра і абмежаваньня іміграцыі.
На думку камэнтатараў Фронт становіцца ўсё больш папулярным, бо ён выразны. Традыцыйныя права-цэнтрысцкія і лева-цэнтрысцкія партыі ўсё больш падобныя між сабой, і пры гэтым ім давярае ўсё менш французаў.
Два тыдні таму сацыялістычны міністар унутраных справаў Манюэль Вальс сьцьвердзіў, што большасьць з 20 тыс. цыганоў, якія жывуць у лягярох у прадмесьцях французкіх гарадоў, ніколі ня будуць здольныя інтэгравацца. Таму іх трэба вывезьці “на мяжу”, адкуль яны павінны вярнуцца ў Баўгарыю і Румынію.
Гэтае выказваньне выклікала абурэньне кааліцыйных Зялёных, якіх павінен быў супакойваць прэзыдэнт Аланд. Кіраўнік дзяржавы астатнім часам часта гасіць малыя войны паміж членамі кааліцыі. Ва ўрадзе штораз успыхваюць канфлікты, якія выклікаюць усё большае падзеньне папулярнасьці сацыялістаў і самога кабінэта ў апытаньнях.
Палітыку Аланда ацэньваюць сёньня як добрую ўжо толькі 26% грамадзянаў. Нягледзячы на дэкларацыі прэзыдэнту, які кіруе ўжо 17 месяцаў, не ўдалося даць рады з крызісам. У верасьні колькасьць беспрацоўных перавысіла 3 млн асобаў, працы ня маюць ужо 11% французаў. Адкладваюцца таксама абяцаныя каронныя рэформы, бо ўнутры кіруючай партыі ўсё яшчэ працягваюцца спрэчкі аб іх канчатковым выглядзе. Тое, што было моцай Аланда падчас выбарчай кампаніі — уменьне трымаць у руках партыйныя фракцыі, ад былых трацкістаў праз прафсаюзьнікаў да левых інтэлектуалістаў — цяпер ужо ня дзейнічае. Прэзыдэнта лічаць мала выразным і няздольным на прыняцьце рашэньняў.
“Дзе начальнік?” — пытаўся нядаўна “Le Parisien”, напісаўшы, што нягледзячы на большасьць у сэнаце, у многіх рэгіёнах і гарадах, Аланд няздольны ўтрымаць цэласны палітычны курс.
Міхал Какот
Пераклаў з польскай В. Буйвал
Крыніца: http://wyborcza.pl/1,75477,14778401,Juz_co_czwarty_Francuz_popiera_nacjonalistow__Kolejny.htm
Мы адмыслова зьмясьцілі гэты артыкул пра правы Нацыянальны Фронт зь левай польскай газэты. Цікава пазнаёміцца з левацкай ацэнкай падзеяў на палітычнай арэне. Адчуваецца па ўсім, што левых ва ўсёй Эўропе моцна ўразіў рост народнай падтрымкі “экстрэмістаў”, “папулістаў” і як там яны яшчэ абзывалі фронтаўцаў Марын Лё Пэн. Нават Гітлера прыпляталі і голагаловых малойцаў успаміналі.
Цяпер актыўна выдумляюцца розныя “аргуманты” кшталту “яны сталі больш выразнымі” або “паўтараюць эканамічныя праграмы сваіх супернікаў”. У лявацкіх ацэнках мы не пачуем толькі самага галоўнага і сутнаснага: так званыя “традыцыйныя палітпартыі” (у прынцыпе, абое рабое, што сацыялісты, што тыя, якія назваліся кансэрватарамі) давялі краіну (і Эўропу ў цэлым) да крызісу. І пра ўсё гэта, а таксама пра неабходнасьць наводзіць ва ўласнай краіне парадак у адпаведнасьці з нацыянальнай французкай цывілізацыяй і кажуць французкія фронтаўцы сваёй нацыі, стомленай ад лібэральнага маразма і фальшу. Фронтаўцы здолелі пераканаць французаў, што трэба жыць сваімі нацыянальна-дзяржаўнымі інтарэсамі, а не брусэльскімі схемамі. Што трэба вярнуць французам усе без выключэньня тэрыторыі айчыны, дзе цяпер атабарыліся сотні тысячаў экзатычных “суграмадзянаў”, якія і ня думаюць інтэгравацца (доўгі час паказаў, што гэта ў прынцыпе немагчыма).
І нікуды ня дзенешся, хаду гісторыі не павернеш назад. У Эўропе настае час Айчынаў, уздым нацыянальнай салідарнасьці і вяртаньне да хрысьціянскіх каштоўнасьцяў. У левакоў гэта сапраўды “выклікае страх”.
Падобна, што эўрапейскія народы ўсур'ёз пачынаюць выкарыстоўваць мэханізмы дэмакратыі.
Ян Булыга