СЬВЯТКАВАНЬНЕ 25-Х УГОДКАЎ БЕЛАРУСКАГА НАРОДНАГА ФРОНТУ








18 кастрычніка ў залі канцэрна “Амкадор” у Менску адбыліся сьвяточныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да 25-х угодкаў утварэньня Беларускага Народнага Фронту. На сьвята сабралося каля 200 асобаў: пачынальнікі народнага рушаньня, сябры Аргкамітэту БНФ 1988-га года, дэпутаты Вярхоўнага Савета Беларусі 12-га скліканьня, фронтаўцы розных пакаленьняў з сем'ямі, патрыятычная моладзь. Прысутнічалі госьці, а таксама прадстаўнікі дыпламатыі Славакіі і ЗША. Панавала сьветлая, радасная атмасфэра народнага сьвята. Залю ўпрыгожвалі нацыянальныя Бел-Чырвона-Белыя Сьцягі.

Вечарына распачалася з дэкламаваньня верша сябра БНФ і КХП-БНФ Народнага Паэта Беларусі Рыгора Барадуліна, прысьвечанага юбілею Фронта. Потым прысутныя засьпявалі Беларускі гімн “Магутны Божа”. Хвілінай маўчаньня людзі ўшанавалі памяць адраджэнцаў-фронтаўцаў, зь якімі прайшлі шляхам змаганьня і якіх ужо няма з намі.

Быў зачытаны прывітальны зварот сп. Зянона Пазьняка, Старшыні Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ “Стварэньне і значэньне Беларускага Народнага Фронту ў гісторыі Беларусі” (публікуецца).

У сьвяточнай атмасфэры людзі дзяліліся сваімі ўспамінамі пра мінулыя гады. Сп. Юры Беленькі ўзгадаў асноўныя этапы фронтаўскага рушаньня. Беларускі Народны Фронт пад кіраўніцтвам Зянона Пазьняка забясьпечыў мірны працэс ліквідацыі камунізма і савецкай акупацыі ў Беларусі. Гэтыя дзеяньні былі прыкладам для народных рухаў усяго СССР. Нягледзячы на правакацыі з боку варожых Беларусі сілаў Фронт працягвае гэтую лінію сваёй палітыкі. Фронтаўцы абапіраюцца ў сваёй палітычнай, грамадзкай і асьветніцкай дзейнасьці на нашыя нацыянальныя традыцыі міралюбнасьці, пачуцьця справядлівасьці і павагі да чалавечай годнасьці. 25 гадоў змаганьня за Беларусь зьяўляюца яркім этапам у нашай нацыянальнай і ўсёй эўрапейскай гісторыі. Нашае змаганьне прывядзе да канчатковага вызваленьня і адбудовы дэмакратычнай, цывілізаванай Беларусі.

На прапанову прысутных сп. Юры Беленькі заклікаў намінаваць сп. Зянона Пазьняка на атрыманьне Нобэлеўскай Прэміі Міру. Заля сустрэла прапанову авацыямі. Было праведзена галасаваньне. Удзельнікі галасаваньня аднагалосна падтрымалі намінацыю сп. Зянона Пазьняка на Нобэлеўскую Прэмію Міру.

Падзяліліся ўспамінамі пра гісторыю Фронта акадэмік АН Беларусі сп. Радзім Гарэцкі, выдатны паэт Генадзь Бураўкін, дэпутаты Вярхоўнага Савета 12-га скліканьня рабочы лідэр сп. Сяргей Антончык і намесьнік старшыні БНФ і КХП-БНФ Сяргей Папкоў, а таксама іншыя удзельнікі сьвяткаваньня.

Адбыўся сьвяточны канцэрт. Дзяўчаты ў народных беларускіх строях выканалі творы аўтэнтычнага нацыянальнага песеннага фальклёра. Выдатная сьпявачка Тацьцяна Матафонава з сынам парадавалі патрыятычнымі і лірычнымі сьпевамі.

На прыканцы людзі сабраліся за сталамі з кавай, гарбатай і пачастункам. Усе прызнаваліся, што ў коле сяброў і аднадумцаў жыве дух вольнай, прыўкраснай Беларусі.

Валеры Буйвал