ЗАХАД УРАЖАНЫ “ЗАХАДАМ — 2013” АЛЬБО СЬМЕХ ДЫЙ ГОДЗЕ
2 кастрычніка швэдская газэта “Svenska Dagbladet” апублікавала артыкул пад тытулам “Расейскія вучэньні аказаліся больш маштабнымі, чым было заяўлена”. Вось гэты артыкул:
Войскі агульнай колькасьцю ў 70000 нечакана былі задзейнічаны на мінулым тыдні Расеяй і Беларусьсю ў зоне каля Швэцыі. Гэта больш чым удвая ў параўнаньні з тым, пра што папярэджвала Расея. Прыбалты занепакоены і разглядаюць вучэньні як падрыхтоўку да нападу на іх і Польшчу.
На мінулым тыдні швэдскія кацеры берагавой аховы і часткі “Gripenplan” інтэнсіўна дзейнічалі, назіраючы за манеўрамі Расеі і Беларусі “Захад 2013” на Балтыйскім моры. Але дагэтуль мала вядома пра сапраўдныя маштабы гэтых вучэньняў.
“SvD” сёньня можа адкрыць, што вучэньні, якія завяршыліся ў пятніцу, былі значна больш маштабнымі, чым было заяўлена. Паводле заяваў Расеі на адрас абарончага хаўруса НАТО ў рамках супольнага воргана па супрацоўніцтву — рады НАТО-Расея, у вучэньнях павінны былі ўзяць удзел 22500 вайскоўцаў. Але сапраўдная колькасьць была прынамсі ўдвая большай.
Маштабы вучэньняў вельмі ўражваюць і моцна адрозьніваюцца ад расейскіх папярэдніх заяваў. Расея гоніць хвалю. Каб схаваць маштабы вучэньняў, яна праводзіць адначасова з “Захадам” шэраг іншых манеўраў, якія на самой справе ёсьць часткай “Захаду”, — кажа крыніца “SvD”, якая мае зьвесткі пра расейскія вучэньні.
— Першыя падлікі паказваюць, што былі задзейнічаны каля 50000 вайскоўцаў. Акрамя таго, у Расеі былі мабілізаваны каля 20000 чалавек ваенізаваных унутраных войскаў. Разам колькасьць войскаў склала як мінімум каля 70000 чалавек, паводле крыніцы “SvD”.
Акрамя таго, у Балтыйскім моры войскі праводзілі вучэньні ў некалькіх зонах на ўсход ад межаў Польшчы, Летувы, Эстоніі, Латвіі, Фінляндыі і Нарвэгіі, а таксама ў Баранцавым моры. Пасьля Грузінскай вайны 2008 г. Расея зьмяніла сваю камандную структуру, каб кіраваць баявымі часткамі розных відаў на вялікіх адлегласьцях.
— Вучэньні паказваюць, што цяпер Расея можа перасоўваць войскі з розных вайсковых акругаў і злучаць іх у магутны кулак. Такім чынам яны могуць пазьбягаць папярэдняга ўтварэньня вялікіх канцэнтрацый войскаў у раёне, пра які раней яны паведамлялі ў сьвет. Гэта, безумоўна, нас непакоіць, — кажа высокапастаўлены прыбалтыйскі прадстаўнік ураду.
Афіцыйна сцэнар “Захада-2013” быў прысьвечаны супрацьдзеяньню рэлігійным і этнічным беспарадкам, а таксама тэрарызму. Такі момант відавочна праступае ў вучэньнях, але акцэнт быў зроблены на наступальных ваенных апэрацыях.
— Каб перамагчы тэрарыстаў, расейцам ня трэба было задзейнічваць стратэгічныя бамбавікі, аддзелы падлодак, страляць па робатах-мішэнях і робатах, што дзейнічаюць на вялікіх адлегласьцях, а таксама зьдзяйсьняць дэсантныя апэрацыі з магутнай агнявой падтрымкай. На самой справе расейцы адпрацоўвалі напад на балтыйскія краіны і Польшчу. Яны хацелі напалохаць і гэта сапраўды занепакоіла нас, — сказаў адзін прыбалтыйскі дыпламат для “SvD”.
Мікаэль Хальстром
Пераклаў з швэдскай В. Буйвал
Даруйце, але чытаецца ўсё гэта, як “Прыгоды добрага ваякі Швэйка” або яшчэ якая сатыра на мілітарную тэму. Аказваецца яны там у НАТО, у штабах шэрагу нацыянальных армій, а таксама ва ўрадах паверылі (!) маскоўскім заявам пра колькасьць войскаў, характар ваенных гульняў і іхную накіраванасьць. І былі ўражаны (!) тым, што пабачылі ў моры і на пляжах у непасрэднай блізкасьці каля сваіх межаў. Як, панове, у штаны вы не наклалі са страху?
Можна ўявіць, якая “кіпучая работа” вядзецца цяпер у штабах і камітэтах заходніх краін. Генэралы і маршалы варочаюць на сталах карты і фотаздымкі, круцяць фільмы пра балтыйскія “руска-беларускія дэсанты”. Па калідорах бегаюць спатнелыя афіцэры-кур'еры з тэчкамі “совершенно секретно”...
У гэты самы час “уражаныя” заходнія палітыкі заселі вакол сваіх сталоў і карпяць над падрыхтоўкай віленскага саміта Ўсходняга партнёрства Эўразьвязу. Яны складаюць, сярод іншага, дасье па “беларускай дэмакратыі”: рыхтуюць запрашанкі для дэмакратаў-барцоў Лебедько, Мілінкевіча, Рымашэўскага і іншых канторскіх. Узважваюць сцэнар “мадэрнізацыі” Беларусі сродкамі лукашызма...
Панове, мускулістыя беларускія юнакі пад маскоўскай камандай ужо трэніруюцца, як дэсантавацца на вашых пляжах, а вы ўсё гуляецеся з менскай агентурай? Эх, дагуляецеся...
Сымон Рудзік