“МОВЫ НЕ ПАВІННЫ ПАМІРАЦЬ”

12 кастрычніка польская газэта “Rzeczpospolita” апублікавала артыкул пад такім тытулам. Вось гэты артыкул:

Эўрапейскія мовы падрабязна апісаныя і дасьледваныя. Але гэта не бароніць іх ад згубы.

Карэспандэнцыя з Брусэлю

Калі ў чэрвені сёлета ў Канадзе памірала Грызэльда Крыстына, разам зь ёю адыходзіла з гэтага сьвету ліўская мова. Што праўда, ёсьць яшчэ людзі, якія ведаюць ліўскую, але 103-гадовая латышка, якая ў 1944 годзе эмігравала ў Канаду, была апошняй асобай, для якой гэтая мова была роднай.

Яна навучылася мове ў хаце і ўжывала яе ў размовах з бацькамі. Ліўская, бліжэйшая хутчэй да эстонскай, чым да латышскай, належыць да групы вуграфінскіх моваў. Яшчэ ў 12-м стагоддзі ёй карысталіся жыхары большай часткі сёньняшняй тэрыторыі Латвіі. Потым ліўская сталася мовай меншасьці на паўночна-заходняй ускраіне краіны, а пасьля ІІ Сусьветнай вайны яе зусім занядбалі.

Яшчэ ў 2012 годзе журналістам удалося знайсьці Грызэльду Крыстыну, і яна на ліўскай мове свабодна распавядала пра сваё маленства. Хаця ўласна апошнія 50 гадоў не карысталася на штодзень роднай мовай.

Добра дасьледваная Эўропа

Для Эўропы яе сьмерць была сумным эпізодам, бо яна паменшыла культурнае багацьце. ЮНЕСКО дае ацэнку, што кожныя два тыдні ў сьвеце памірае адна мова. Але якраз у Эўропе сьмяротныя выпадкі здараюцца значна радзей.

— Часьцей за ўсё мовы паміраюць у Аўстраліі і Амэрыцы. Там таксама ўсьцяж знаходзяць новыя мовы. Напрыклад, у Амазоніі або Папуа-Новай Гвінэі. — кажа для “Rz” Тапані Сальмінэн, фінскі лінгвіст, аўтар эўрапейскай часткі Атласа Моваў Сьвету пад пагрозай, выдадзеным ЮНЕСКО.

Эўропа ўжо настолькі добра дасьледвана, што новыя мовы не сустракаюцца. А вось тыя, што існуюць (йдзецца пра каля 120 моваў, што пад пагрозай) падрабязна апісаныя і кваліфікаваныя ва ўмовах большай або меншай пагрозы згубы. Улічваюцца таксама тыя, што вымерлі.

На тэрыторыі Польшчы атлас згадвае адну мову, што вымерла на мяжы 19 і 20-га стагоддзяў — славінскую, а таксама дзьве, што існуюць дагэтуль, хаця лічыцца, што ім ёсьць сур'ёзная пагроза. Кашубскай карыстаецца больш за 50 тыс. чалавек, віламоўскай, распаўсюджанай у Віламовіцах у паўднёвай Польшчы — усяго некалькі дзясяткаў чалавек.

— Польшча зьяўляецца вельмі адзінай у моўным сэнсе. Гэта ёсьць вынік міграцыі насельніцтва, зьмены межаў. Уласна ёсьць толькі адна мова, акрамя дамінуючай польскай — гэта кашубская. Я раздумваў, ці не дадаць сьлёнскую і гуральскую, але ўрэшце рэшт вырашыў, што яны не дастаткова адрозьніваюцца, каб прызнаць іх за мовы, а не за дыялекты. — тлумачыць Сальмінэн.

На тэрыторыі нашай краіны выступаюць таксама некалькі іншых моваў пад пагрозай, якія перакрочылі межы. Напрыклад, русінская мова, дыялектамі якой былі бойкаўская і лэмкаўская — мовы жыхароў паўднёва-заходняй Польшчы, якія былі выгнаныя з сваіх земляў пасьля ІІ Сусьветнай вайны Народным Польскім Войскам падчас акцыі “Вісла”.

Бальшыня людзей, якія размаўляюць па-русінску, жыве цяпер ва Ўкраіне, якая, аднак, не дбае аб рэгіянальных мовах. Русінскамоўную супольнасьць можна таксама знайсьці ў Славакіі, а яе найвядомейшым прадстаўніком быў кароль поп-арта Эндзі Ворхал, сын славацкіх лэмкаў, якія эмігравалі ў ЗША. Акрамя таго, на тэрыторыі заходняга Паможа можна таксама сустрэць асобаў, што размаўляюць па-ніжнесаксонску — на рэгіянальнай мове, якая сустракаецца галоўным чынам у Нямеччыне і Галяндыі. Іншы прыклад — гэта палеская мова на ўсходзе Польшчы.

Не дбаюць Францыя і Грэцыя

Адной з самых моўна багатых краін Эўропы зьяўляецца Францыя, дзе атлас ЮНЕСКО налічвае каля 20 рэгіянальных моваў. Аднак Францыя зь яе мадэльлю цэнтралізаванай дзяржавы і цэнтралізаванай культуры рабіла ўсё, каб стлуміць жывыя мовы. Цяпер палітыка ўраду крыху зьмянілася, але шкоду цяжка выправіць.

Сто гадоў таму на брэтонскай размаўлялі мільён чалавек, цяпер каля 250 тысячаў. І галоўным чынам гэта старэйшыя людзі, у аддаленых вясковых супольнасьцях, — кажа Тапані Сальмінэн.

На другім полюсе знаходзіцца Швэцыя, дзе сьведамая палітыка дзяржавы прывяла да адраджэньня паўднёвалапонскай мовы, якая была ўжо на ўскрайку згубы.

Францыя і Грэцыя — гэта два экстрэмных прыклады краінаў, якія былі — хаця ў выпадку Грэцыі трэба заўсёды выкарыстоўваць цяперашні час — найбольш неахвотныя ў адносінах на рэгіянальных моваў. Аднак, абедзьве гэтыя краіны ёсьць адзінымі ў Эўразьвязе, якія не ратыфікавалі Эўрапейскай Хартыі Рэгіянальных Моваў альбо Моваў Меншасьцяў. Францыі залежыла на мадэлі дзяржавы і мадэлі культуры, хаця яны таксама моцна баяліся басконскага і карсіканскага сэпаратызму.

А вось Грэцыя баіцца, што будзе патрабаваць аўтаноміі, напрыклад, македонскамоўнае насельніцтва. Калі, аднак, македонская мова выжыве, бо зьяўляецца нацыянальнай мовай у суседняй Македоніі, то другая мова здушваецца грэкамі і блізкая да згубы — араманская, якая ёсьць каля мяжы з Албаніяй.

Як рэдкая птушка

Сьмерць мовы — не натуральны працэс. Яна зьяўляецца вынікам пэўных накіраваных дзеяньняў. Мовы не павінны паміраць. — кажа для “Rz” Мігэль Марцінэс Тамэй з Chunta Aragonesista, рэгіяналістычнай і сацыялістычнай арагонскай партыі. На ягоную думку, дзяржавы павінны абараняць і дбаць аб рэгіянальных мовах і мовах меншасьцяў так, як дбаюць аб помніках.

— Мова — гэта спадчына культуры, як касьцёлы ці замкі. І трэба іх захоўваць. Тым больш, што бараніць іх выходзіць значна таньней, чым у выпадку з матэрыяльнай спадчынай. — мяркуе Марцінэс Тамэй.

Паводле ягоных словаў, часта няма патрэбы паасобных СМІ, дастаткова мець адну праграму на існуючых ужо радыёстанцыях і тэлестанцыях. Ня трэба нават дадатковых выдаткаў на адукацыю. Дастаткова ўключыць заняткі па мове ў звычайны час навучаньня. Так, каб дзеці не павінны былі выбіраць паміж навучаньнем роднай мове і школьным аўтобусам, які адвозіць іх дахаты.

Марцінес Тамэй змагаецца за большае прызнаньне арагонскай мовы. У адрозьненьні ад касцільскай (афіцыйнай іспанскай), каталонскай, басконскай і галісійскай, арагонская не прызнана афіцыйнай мовай рэгіёна.

Хаця ў сярэднявеччы менавіта арагонская была каралеўскай мовай, і адпаведна мовай элітаў. Сёньня ёю карыстаюцца толькі 15-20 тысячаў людзей у паўночнай, горнай частцы рэгіёну. Той факт, што мова не зьяўляецца афіцыйнай, вядзе да таго, што ёй няма месца ў сістэме адукацыі і СМІ.

Мы сталіся ахвярамі страху перад сэпаратысцкімі рухамі ў Каталоніі і Краіне Баскаў. — мяркуе арагонскі палітык. Гэтыя два моцных рэгіёны і дзьве моцныя мовы сталіся сымваламі змаганьня найперш за аўтаномію, а цяпер нават за сувэрэнітэт. Асабліва моцныя тэндэнцыі ў Каталоніі.

Амбіцыі, што выходзяць па-за межы памкненьняў культурніцкай і моўнай тоеснасьці, заражаюць мысьленьне палітыкаў і павялічваюць іхны страх перад рознага тыпу ініцыятывамі, нават калі яны ня маюць палітычнага падтэксту.

У Эўразьвязе, які патрабуе выкананьня правоў меншасьцяў ад усіх, хто хоча далучыцца да яго, на працягу гадоў не ўдалося правесьці ніводнай палітычнай акцыі пад лёзунгам праблемаў моваў пад пагрозай.

Прарыў быў зроблены апошнім часам карсіканскім эўрадэпутатам Франсуа Альфансі, які правёў у Эўрапарляманце рэзалюцыю аб неабходнасьці абароны моваў пад пагрозай. Ён параўнаў мовы не з касьцёламі і замкамі, але з рэдкімі экзэмплярамі птушак ці зьявамі прыроды, якія не выжывуць без дапамогі чалавека.

— Кожны раз, калі зьнікае мова, зьнікае кавалак эўрапейскай спадчыны, — настойваў Альфансі. Яго родная мова — карсіканская — таксама належыць да моваў пад пагрозай, хаця на ёй усё яшчэ размаўляе значная частка жыхароў Корсікі.

Іншае мысьленьне

Рэзалюцыя з заклікам да абароны гэтых моваў была прынята абсалютнай большасьцю галасоў. Яе не падтрымала толькі група эўрадэпутатаў французкіх правых.

Яна не зьяўляецца законам, бо Эўразьвяз ня мае кампэтэнцыі ў справах моваў ці нацыянальных меншасьцяў. Але яна ёсьць першай прыкметай зьмены мысьленьня аб рэгіянальных мовах. Палітыкі, якія ня дбаюць аб мовах меншасьцяў, часта баяцца за статус сваіх нацыянальных моваў. Часам, аднак, самы нацыянальныя мовы знаходзяцца пад пагрозай, як хаця б ірляндская ў Ірляндыі.

Нягледзячы на афіцыйны статус і вялікую адукацыйную і арганізацыйную актыўнасьць, люксэмбургская таксама не зьяўляецца галоўнай мовай Люксэмбурга, бо дзеці як першую вывучаюць у школе нямецкую. Гэтыя краіны рызыкуюць стацца нацыямі без моваў.

Ганна Стаеўска

Пераклаў з польскай В. Буйвал.

Крыніца: http://www.rp.pl/artykul/11,1056182-Jezyki-nie-musza-umierac.html?p=1