“МАДЭРНІЗАТАРЫ” РЭЖЫМУ ВЫКАЗВАЮЦЦА

“ДэмСМІ” паведамілі 4 кастрычніка пра чарговую дэмініцыятыву Эўразьвяза ў дачыненьнях з Беларусьсю. Эўракамісар Штэфан Фюле (адказвае за палітыку суседства Эўразьвяза) заявіў:

“Дыялёг па мадэрнізацыі з самага пачатку павінен быць сфармаваны ў якасьці плятформы для ўзаемадзеяньня паміж усімі зацікаўленымі бакамі — грамадзянскай супольнасьцю, апазыцыяй і ўрадам у тым ліку”. Потым ён дадаў, што “будуць знойдзеныя варыянты ўключэньня ўладаў Беларусі ў дыялог”.

У сваю чаргу міністар замежных справаў Летувы (дзяжурнай па Эўразьвязу) Лінас Лінкявічус заверыў, што Эўразьвяз будзе ўсімі спосабамі спрыяць такому дыялогу.

Васальны прамаскоўскі рэжым гробіць нашую народную гаспадарку, зьнішчае нацыянальную культуру, ставіць расейскія ваенныя аб'екты на межах Эўразьвязу, а эўраначальнікі ўсё круцяць сваю запілаваную шарманку. Яны настройваюцца на дыялог са зьнішчальнікамі Беларусі. Яны, падобна, і не здагадваюцца, што разьвіцьцё падзеяў у нашай акупаванай краіне нясе вялікую пагрозу Заходняй Эўропе, мільёнам людзей.

Безумоўная пагроза ад маскоўскага панаваньня ў Беларусі існуе для Летувы. А яе начальства не баіцца, кажа, што закідае расейскі авангард шапкамі. Як яшчэ інакш можна трактаваць учорашні выступ згаданага вышэй міністра Лінкявічуса, што Летува можа закрыць для Расеі ўсе дарогі, якія вядуць у Калінінградзкі анклаў РФ?

Зразумела, што Масква не пакіне такія дзеяньні без увагі. Ня маючы супольнай мяжы зь Летувой (ня лічачы згаданага анклава), Расея выкарыстае свае апошнія акупанцкія дасягненьні на тэрыторыі нашай краіны — пашырэньне ваеннай прысутнасьці. У Беларусь будуць ўведзены вялікія колькасьці расейскай арміі, будзе зроблена пагрозьлівая дэманстрацыя ў бок летувіскіх комікаў-шапказакідальнікаў. Апошнія хуценька адкрыюць дарогі на Калінінград, і крызіс нібыта завершыцца. Вось толькі расейская армія застанецца ў Беларусі. Такога варыянта хочуць суседзі Беларусі і ўвесь Эўразьвяз? Каго яны зьбіраюцца закідваць шапкамі, з кім весьці дыялогі? Будуць праз лукашызм “мадэрнізаваць” Беларусь? Што гэта за ідыятызм? (Зрэшты, матывацыя дзейнасьці тыпажоў кшталту Фюле даўно вядомая)

Камэнтары ў гэтай праблеме дае А. Лябедзька. Ён вярнуўся з Лёндану, дзе раздаваў тэкст свайго звароту (падпісаны яшчэ Саннікавым і Рымашэўскім) пра Беларусь. Брытанцы з гэтым падсадным палітычным прайдзісьветам на поўным сур'ёзе раіліся і пазіравалі. Цэлую групу гэтых прайдзісьветаў Эўразьвяз зьбіраецца запрасіць у лістападзе на саміт па Усходняму Партнёрству ў Вільню. Фальшывы спэктакль на тэму “клопату аб Беларусі” бясконца працягваецца.

Складваецца ўражаньне, што ўсе дзеяньні, тэматычныя і пэрсанальныя прыярытэты чынавенства Эўразьвязу накіраваныя на тое, каб падоўжыць існаваньне прамаскоўскай хунты на нашай зямлі і забясьпечыць панаваньне расейскай імпэрыі ў Беларусі. Зрэшты, уражаньне нас не падманвае.

Павел Гулевіч