ПУЦІНА НА НОБЭЛЬ
3 кастрычніка швэдская газэта “Dagens Nyheter” апублікавала артыкул пад тытулам “Пуціна намінавалі на Нобэлеўскую прэмію міра”. Вось гэты артыкул:
Унёсак Пуціна ў Сірыі такі, што ён заслужыў прэмію міра. Гэтак лічыць расейская група, якая намінавала яго на Нобэлеўскую прэмію міра.
Група, якая называецца International Academy of Spiritual Unity and Cooperation of Peoples of the World, у аўторак правяла прэс-канфэрэнцыю ў Маскве. Нагодай для намінацыі зьяўляецца тое, што Пуцін здолеў зрабіць так, каб сірыйскі рэжым аддаў сваю хімічную зброю, а гэта ў працяг азначае, што можна будзе спыніць ваеннае ўмяшальніцтва ЗША. — заявіла група, паводле New York Times.
Сябры групы сказалі на прэс-канфэрэнцыі, што Пуцін быў бы больш заслужаным лаўрэатам прэміі, чым Барак Абама, які атрымаў прэмію ў 2009 г.
Барак Абама атрымаў Нобэлеўскую прэмію міра. Чалавек, які ініцыяваў і адобрыў агрэсіўныя дзеяньні ў Іраку і Аўганістане і які цяпер плянаваў інвазію ў Сірыю. Я заяўляю, што наш прэзыдэнт, які спрабуе не дапусьціць да кровапраліцьця і вырашыць канфлікт шляхам палітычнага дыялогу і дыпламатыі, заслугоўвае прэміі больш за Абаму, — сказаў Іосіф Кабзон, сьпявак і дэпутат парляманту Расеі, паводле New York Times.
Паводле New York Times, крытыкі Пуціна мяркуюць, што расейскі лідэр быў хутчэй калодай на шляху спыненьня канфлікта, бо шмат разоў выкарыстаў сваё вэта, каб не дапусьціць міжнароднага ўмяшальніцтва ў Сірыі.
Нобэлеўская прэмія міра ўручаецца 11 кастрычніка сёлета. Намінацыі павінны быць пададзены да першага лютага. Гэта значыць, што Пуцін можа разьлічваць на прэмію толькі ў наступным годзе.
Антон Сэль
Пераклаў з швэдскай В. Буйвал.
А чаму б і не? Нобэля за посьпехі ў барацьбе за мір атрымалі ў розныя гады розныя асобы. Напрыклад, стратэгічны кіраўнік тэрарыстычнай дзейнасьці Ясір Арафат. Хаця што там? У параўнаньні з Пуціным Арафат — гэта малодшы школьнік, яму ня сьніліся такія маштабы. Бесланскія дзеці, дзесяткі тысяч непаўналетніх ахвяраў расейскага тэрору на Каўказе і іншае — мабыць усё яно будзе пакладзена ў аснову нобэлеўскай заяўкі ад Кабзона со товарішчі. А чаму б і не? Кажуць, што ў свой час Нобэлеўскі камітэт ўсур'ёз разглядаў кандыдатуру Адольфа Гітлера. Але гэта было да 1938 года. У той пэрыяд фюрэр направа і налева падпісваў дамовы аб міры і ненападзеньні з эўрапейскімі дзяржавамі. А сам рыхтаваўся да татальнай вайны і зьнішчэньня.
Сяргей Камароўскі