РАНІЦА З РС

Памятаем, як колькі гадоў таму ў вагонах менскага мэтрапалітэна раптам пачалася рэклама “Радыё Свабода”. Людзі вельмі зьдзівіліся, таму што раней афіцыйны падземны электравік ніколі не даваў сваіх плошчаў пад беларускую дэмрэкламу. Але бывае.., — падумалі былі мы тады. Гэта было якраз у той час, калі з сымволікі РС былі назаўжды выдалены колеры нацыянальнай сымволікі. Рэклама ў мэтро праходзіла пад заклікам піць каву разам з РС. Была дададзена карцінка з кубачкамі кавы — гэткія порцыі бадзёрасьці для кожнага. З тае пары людзі пачалі заўважаць канчатковы паварот перадавой і змагарнай радыёстанцыі на рэйкі нейкай псэўдаапазыцыйнай схемы.

Вось, напрыклад, сёньняшняя раніца, пачатак тыдня. Што падстаўляюць нам на кавярны стол журспэцы “беларускай рэдакцыі” РС? А вось што.

Тытул: “Беларусь хоча новага крэдыту МВФ”. Потым распавядаецца пра плян, агучаны саўмінам і Нацбанкам на гэтую тэму. Дзьве рэжымныя ўстановы без цені сумніву называюцца РС “Беларусьсю”. Хаця на самой справе крэдытаў хоча для сябе згаданы рэжым, які разбурае Беларусь. І пра гэта трэба было б выразна паведаміць слухачам-чытачам. Але дзе ж там, ад РС мы гэтага не дачакаемся. Для іх, мабыць, рэжым і ёсьць Беларусь.

Далей РС бярэ ў экспэрты “вядомых людзей Беларусі”. З. Дашкевіч дае камэнтар па падзеях у Маскве пад тытулам “Рана ці позна “Бірулёва” паўторыцца і ў Беларусі”. А можа і сапраўды ён экспэрт. Пэўны час таму гэтага непаўналетняга яшчэ падлетка прыхапілі на вулічнай панэлі, дзе разгортвалася ягоная “сацыяльная дзейнасьць”. Тыя, што прыхапілі, апэратыўна зрабілі з гэтай неадукаванай і недалёкай асобы “маладзёвага лідэра” і пайшло-паехала... Цяпер ён выступае экспэртам па падзеях у імпэрскай сталіцы, усе слухаюць.

Далей яшчэ цікавей. У Варшаве беларуская моладзь зьбіраецца каля амбасады Летувы, каб пратэставаць супраць запрашэньня на саміт у Вільню начальніка антыбеларускага рэжыму. Нам карысна было б паслухаць, што кажуць на гэтую тэму арганізатары акцыі, яе галоўныя ўдзельнікі. Але “не тут-то было”. Да нас вядуць праз эфірную прастору новага экспэрта-спэца. Гэта незабыўны Слава Сіўчык, які пэўны час прадстаўляў невядома каго ва Ўкраіне, а потым быў перакінуты невядома кім прадстаўляць тых жа ў Польшчу. Сіўчык кажа: “Пікет — ініцыятыва беларусаў у Варшаве, якую я падтрымаў...” Вось як...

В. Сіўчык даўно зарэкамендаваў сябе як правакатар. Пра гэта ведаюць тысячы людзей. Але вось жа ня ведае Радыё Свабода.

Ім, мабыць, няма часу разабрацца ва ўсім. Трэба пасьпець запоўніць праграму да моманту, калі беларусы будуць сядаць за стол з ранішняй кавай...

Ян Булыга