ЛЕТУВА СПЫНІЛА ТРАНСЛЯЦЫЮ РАСЕЙСКАГА ТЭЛЕБАЧАНЬНЯ

14 кастрычніка латвійская газэта “Diena” апублікавала артыкул пад тытулам “Праграма расейскага тэлебачаньня “Чалавек і закон” працягвае правакацыі супраць Летувы”. Вось гэты артыкул:

У праграме “Чалавек і закон”, якую па пятніцах перадае Першы канал расейскага тэлебачаньня, шмат разоў прагучала зьняважлівая інтэрпрытацыя трагічных падзеяў 13 студзеня 1991 года ў Вільні. Тыдзень таму праграма ўжо выклікала скандал у Летуве. Гэтым разам праграму дапоўнілі новымі “аргумантамі”, — паведамляе партал “Delfi.lt”.

А менавіта, у праграме было заяўлена, што Летува, якая “два стагоддзі належала Расейскай імпэрыі”, забылася, што атрымала Віленскі край дзякуючы Маскве. Віленскі край, які з 1919 года па верасень 1939 года зь невялікім перапынкам у 1920 годзе належаў Польшчы, Летува атрымала паводле дамовы з Савецкім Саюзам, а праз кароткі час краіна патрапіла пад савецкую акупацыю.

У балтыйскіх краінах новую праграму нельга было ўбачыць, бо Камісія па радыё і тэлебачаньню Летувы (LRTK) у мінулую сераду прыняла рашэньне спыніць трансляцыю на тры месяцы канала PBK, зьмест якога прысьвечаны Расеі, Беларусі і іншым краінам, што не належаць да Эўразьвязу (ЭЗ). А з пятніцы была спынена трансляцыя праграмы “Чалавек і закон” у Балтыі.

“Летува чамусьці замоўчвае, што яна была вольнай толькі 20 гадоў, а 200 гадоў была ў складзе Расейскай імпэрыі. Маладым людзям трэба нагадаць, хто ў 1939 годзе аддаў Віленскі край Летуве і чаму Летува гэты край не аддала Беларусі і Расеі, калі выходзіла з складу Савецкага Саюза”, — заявіў вядучы праграмы Аляксей Піманаў.

Як вядома, абурэньне летувіскага грамадзтва выклікала перадача “Чалавек і закон” ад 4 кастрычніка, у якой сьцьвярджалася, што 13 студзеня 1991 года падчас атакі на тэлевежу ў Вільні не было ніводнай ахвяры, у сьмерці якой была б вінаватая савецкая армія. А ўсё, што адбылося, было вялікай правакацыяй уладаў Летувы. У праграме ўзялі ўдзел грамадзянін Расеі, былы камандзёр спэцгрупы “Альфа” Камітэта дзяржаўнай бясьпекі Савецкага Саюза Міхаіл Галаватаў, якога Летува ўжо 22 гады хоча прыцягнуць да адказнасьці ў сувязі з той атакай, а таксама работнік Камуністычнай партыі Летувы Альгімантас Наўджуніс і былы пракурор Летувіскай ССР Антанас Пятраўскас.

Імкнучыся скінуць законна абраную ўладу Летувы, якая ў сакавіку 1990 года абвясьціла аб аднаўленьні дзяржаўнай незалежнасьці, спэцыяльныя аддзелы савецкіх узброеных сілаў 13 студзеня 1991 года гвалтам захапілі тэлевежу ў Вільні і Тэлерадыёкамітэт і спынілі тэле- і радыё трансляцыю. Ад куляў і пад тракамі танкаў каля тэлевежы загінула 14 бяззбройных людзей, а сотні былі паранены.

У апошняй перадачы ўзяў удзел таксама й Аляксандар Касперавіч, які з 1991 года кіраваў летувіскім калабаранцкім тэлебачаньнем, якое працавала ў захопленым Тэлерадыёцэнтры і якое народ называў “Каспабачаньнем”. Ён паабяцаў, што ў бліжэйшы час гледачы змогуць паслухаць сьведкаў падзеяў 13 студзеня.

Пазьней у перадачы былі прадэманстраваныя камэнтары расейскамоўных летувіскіх парталаў Сеціва, у якіх збольшага выказвалася падтрымка вэрсіі ўдзельнікаў праграмы і выказвалася падзяка аўтарам. Згадвалася таксама пра заяву прадстаўніцы Эўрапейскай Арганізацыі па Бясьпецы і супрацоўніцтву (АБСЭ) Дуні Міятавіч аб тым, што захады Вільні “падрываюць плюралізм СМІ”.

Адміністрацыйны суд Віленскай акругі на заяву LRTK у панядзелак спыніў рэтрансляцыю ў Летуве “Перашага расейскага канала” (PBK), які трансляваўся ў краінах Балтыі.

Як нагадаў кіраўнік LRTK Эдмундас Вайтэкунас, камісія прыняла рашэньне пра спыненьне трансляцыі цалкам адзінагалосна, папярэдне прааналізаваўшы ў судзе, ці гэтыя санкцыі не зьяўляюцца надта строгімі. “Я чуў шкадаваньні, што абмяжоўваецца свабода слова. Але давайце падумаем, пра што гаворка, пра што вядзецца дыскусія — зьневажаецца нашае змаганьне за свабоду. Дык ці можна тут казаць пра свабоду слова? Усяму ёсьць межы”. — падкрэсьліў ён.

LETA

Пераклаў з латышскай В. Буйвал

Крыніца: http://www.diena.lv/pasaule/krievijas-televizijas-parraide-cilveks-un-likums-turpina-provokacijas-pret-lietuvu-14028719