КІТАЙСКАЯ АРМІЯ Ў ЦЭНТРЫ ЭЎРОПЫ

4 кастрычніка польская газэта “Niezalezna” апублікавала артыкул пад тытулам “Кітайская армія будзе ваяваць у Беларусі?” Вось гэты артыкул:

Палата Прадстаўнікоў (ніжэйшы ворган Народнага Сходу Беларусі) ратыфікавала пагадненьне паміж Беларусьсю і Кітаем. Яно тычыцца статусу ўзброеных сілаў Кітаю, якія часова знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі, а таксама беларускіх фармаваньняў, якія часова разьмяшчаюцца ў Кітаі з мэтай правядзеньня супольных вайсковых вучэньняў.

Падпісаная дамова павінна забясьпечыць “падтрыманьне высокага ўзроўню баегатоўнасьці ўзброеных сілаў, каб у адпаведны момант адрэагаваць на новыя выклікі і пагрозы міжнароднай бясьпецы” — паведамляе газэта Міністэрства Абароны РБ “Во славу родины” са спасылкай на міністра Юрыя Жадобіна.

JW

Пераклаў з польскай В. Буйвал

Крыніца: http://niezalezna.pl/46750-chinska-armia-bedzie-walczyc-na-bialorusi

У газэтным тэксьце польскія выдаўцы выразна падкрэсьлілі слова “міжнароднай”, цытуючы міністра Жадобіна, які казаў пра пагрозу бясьпецы. Малайцы польскія журналісты, яны зразумелі пра што выказваўся (не намякаў, а наўпрост выказваўся) добра вядомы беларусам Жадобін. Польскія журналісты зразумелі, што значыць “пагроза міжнароднай бясьпецы”, якую зьбіраецца душыць генэрал РБ (што служыць пад камандай Масквы).

Раней жартаўнікі выкарыстоўвалі наступны вобраз, калі камэнтавалі нашэсьце кітайцаў на Сібір і мільён кітайцаў каля нашага Менску: “Китайские товарищи прибывают небольшими группами по двести тысяч человек...” Цяпер гэта будуць ня проста “маленькія групы”, што вытаптваюць і аб'ядаюць палі і гароды за некалькі хвілін (як гэта адбываецца ў Сібіры і ў Беларусі). Цяпер да іх “абсалютна законна” далучацца “маленькія атрады” кітайскай арміі. Зазначым, што ўсё гэта мяркуецца разгортваць у цэнтры Эўропы, у нашай Беларусі. Скажам, складзецца “міжнародная пагроза” у Варшаве, Кракаве або Вільні, дык усё “законна”. Кітайскі генэрал Жа До Бін махне самурайскім мячом зь вежы жоўтага танка і...

Польскія журналісты зразумелі. Ці зразумеюць гэта польскія палітыкі?

Сымон Рудзік