НІХТО НЯ ХОЧА ЭСЭСАЎЦА

13 кастрычніка нідэрляндская газэта “Het Volkskrant” апублікавала артыкул пад тытулам “Нават труп старога эсэсаўца непажаданы ў Рыме”. Вось гэты артыкул:

Труп нямецкага ваеннага злачынцы Эрыха Прыбкэ, які памёр у Італіі, непажаданы ў Рыме. Гэта заявіў мэр італьянскай сталіцы Ігнацыя Марына.

У чацьвер стала вядома, што Аргэнтына адмовілася ад трупа Прыбкэ. Меркавалася, што памерлы стары эсэсавец будзе пахаваны там побач з сваёй жонкай. Пасьля вайны Прыбкэ сядзеў у турме кароткі час, але ў 1946 г. уцёк у Аргэнтыну, дзе доўга непрыкметна жыў.

Але ў 1994 г. яго знайшлі і выдалі Італіі. Там яго асудзілі ў 1998 г. за масавае забойства ў 1944 г. у Адрыяцінскіх пячорах у Рыме. Пад яго камандаваньнем немцы расстралялі 335 італьянцаў.

Пасьля прысуду Прыбкэ сядзеў не ў турме, а пад хатнім арыштам. Ён дажыў у Рыме да 100 гадоў. Прыбкэ ніколі не выказаў раскаяньня ў сваіх злачынствах.

Мэр Марына назваў пахаваньне абразай для яго горада. “Я зраблю ўсё для таго, каб не дапусьціць пахаваньня Эрыха Прыбкэ ў Рыме”. — сказаў ён. Касьцёл таксама заявіў, што эсэсавец не будзе пахаваны паводле рэлігійнага абраду.

ANP

Пераклаў з нідэрляндскай В. Буйвал.

Крыніца: http://www.volkskrant.nl/vk/nl/2668/Buitenland/article/detail/3526470/2013/10/13/Lichaam-oud-SS-er-ook-niet-welkom-in-Rome.dhtml

Італьянскія партызаны казалі ў такіх выпадках: “Сабаку сабачая сьмерць!” І цяпер італьянцы ня хочуць мець сабачыя косьці забойцы на сваёй зямлі (нягледзячы на панаваньне вычварэнскага лібэралізму). Прыбкэ пашэнціла, ён не папаўся ў рукі італьянскіх паўстанцаў падчас баёў і праз кароткі час пасьля перамогі народа. Тады італьянцы доўга не цырымоніліся з фашыстамі. Канец Мусаліні і ягонага палітбюро — яркі і найбольш вядомы таму прыклад. Зрэшты, так рабілі і нідэрляндскія, і французкія, і беларускія партызаны. Гэта ёсьць унівэрсальная народная традыцыя.

Ян Булыга