ПЕРАМОЖЦА ФРАНЦУЗАЎ І АМЭРЫКАНЦАЎ

12 кастрычніка швайцарская газэта “Neue Zuercher Zeitung” апублікавала артыкул пад тытулам “Непераборлівы і бліскучы палкаводзец В'етнама”. Вось гэты артыкул:

Во Нгуен Зяп прымусіў укленчыць арміі Францыі і Амэрыкі. У В'етнаме памерлага 102-гадовага палкаводца ўшаноўваюць як нацыянальнага героя.

Сінгапур. В'етнам разьвітваецца на прыканцы тыдня з былым генэралам і міністрам абароны Во Нгуен Зяпам, якому арганізавана дзяржаўнае пахаваньне. Тым самым камуністычнае дзяржаўнае і партыйнае кіраўніцтва аказвае вэтэрану, які апошнім часам патрапіў у неласку, найвышэйшую пратакольную пашану. Зяп памёр у Ханоі на мінулым тыдні у 102-гадовым зросьце. Дзясяткі тысячаў в'етнамцаў прышлі да дома Зяпа, каб аддаць генэралу апошнюю пашану.

Не зважаючы на страты

Ужо ў 14 гадоў Зяп далучыўся да партызанскага атрада. У 1940 г., калі французкі каланіяльны рэжым пачаў калабарацыю зь японцамі і душыў любы камуністычны супраціў, Зяп быў вымушаны ўцячы ў Кітай. Там разгарнулася яго супрацоўніцтва з Ха Шы Мінам, пазьнейшым паўночнав'етнамскім кіраўніком дзяржавы і праціўнікам амэрыканцаў.

На працягу тыдня пасьля сьмерці Зяпа даўнія амэрыканскія праціўнікі таксама выказалаі генэралу свой рэспэкт. Сэнатар Джон Маккэйн, які быў пілотам бамбавіка і правёў пяць з паловай гадоў у в'етнамскім палоне, ушанаваў Зяпа як бліскучага ваеннага стратэга.

Слава Зяпа як надзвычайнага тактыка заснавана на яго посьпехах у войнах супраць Францыі ў пяцідзесятыя гады і супраць Злучаных Штатаў у шасьцідзесятыя і сямідзесятыя гады. La Grande Nation пацярпела сакрушальную паразу ў 1954 г. у Дзен Б'ен Фу на поўначы В'етнама. Харызматычны палкаводзец зусім нечакана для праціўніка арганізаваў перасоўваньне цяжкіх гарматаў сіламі насільшчыкаў праз джунглі ў горны рэгіён. Праз 57 дзён французы здалі сваю акружаную крэпасьць. Бітва на мяжы Лаоса паклала балючы канец каланіяльным амбіцыям Францыі.

Пазьней Зяп, бацьку якога закатавалі французы, сказаў, што ў Дзен Б'ен Фу прыгнечаны народ разьбіў тэхнічна больш магутныя войскі Захаду і такім чынам расхістаў каланіялізм у ягоных асновах. Гэтую ацэнку падзяляюць многія гісторыкі.

Намаганьні французаў абараніць калонію каштавалі жыцьця 94000 французкіх вайскоўцаў. На вьетнамскім баку ахвяраў было прынамсі ў тры разы больш. “Штохвіліну ў сьвеце паміраюць сотні тысячаў. Жыцьці некалькіх тысячаў або дзесяткаў тысячаў, нават нашых суайчыньнікаў мала што значаць”. — мусіў заявіць аднойчы Зяп. “У Злучаных Штатах камандзёр, які дапусьціў бы такі крывавы кошт, быў бы пасланы ў адстаўку праз тры тыдні”. — зазначыў ў сувязі з гэтым генэрал Уільям Вэстморлэнд, які з 1964 па 1968 гг. камандаваў амэрыканскімі войскамі ў В'етнаме. Але Вэстморлэнду трэба зрабіць закід у тым, што ён мала лічыўся з колькасьцю цывільных ахвяраў. У вайну амэрыканцы забілі 2,5 мільёна в'етнамцаў.

Пралікі

Зяп лічыцца духоўным бацькам Сьцяжыны Ха Шы Міна, разгалінаванай сеткі тунэляў і шляхоў праз джунглі, якую выкарыстоўвала кантраляваная камуністамі Поўнач, каб атакаваць урад Паўднёвага Вьетнама, які падтрымлівалі амэрыканцы. Калі 30 красавіка 1975 г. паў Сайгон, былы настаўнік і журналіст, які ніколі не вучыўся на вайскоўца, але старанна вывучыў тактыку Мао Дзэ-дуна і Напалеёна, займаў пасаду міністра абароны. Перад гэтым яго адхілілі ад камандаваньня войскамі. Вядуцца спрэчкі аб прычынах той адстаўкі: бо былі ці то разыходжаньні па стратэгіі ці то хвароба.

Паводле розных крыніц, Зяп быў супраць правядзеньня так званага наступу Тэт, які павінен быў прывесьці да павароту ў вайне са Злучанымі Штатамі. З мэтай “вызваленьня” паўднёвай часткі краіны партызаны В'етконга і паўночнав'етнамскія войскі заатакавалі ў студзені 1968 г. у рамках скаардынаванай акцыі больш за 100 гарадоў. Аднак наступ ня меў грунтоўнага поспеху, на які быў спадзеў. Паўднёвыя в'етнамцы не перабеглі натоўпамі ў лягер паўночных в'етнамцаў, як чакалася. Але пасьля гэтага грамадзкая думка ў ЗША ўсё больш скіроўвалася супраць гэтай вайны, якая забрала жыцьці 58000 амэрыканцаў.

Непрыемны голас

У 1980 г. Зяп пасьля ўнутрыпартыйных спрэчак страціў сваю пасаду міністра абароны і быў выдалены з палітбюро. Камуністычны рэжым перавёў яго на пасаду намесьніка прэм'ер-міністра па навуцы і адукацыі. У 1991 г. ён быў яшчэ больш адхілены назад у герархіі ўлады.

Ужо ў вельмі пажылым узросьце Зяп падаваў свой голас, які для многіх гучаў непрыемна. Ён заслужыў гэтым прызнаньне некаторых дысыдэнтаў. Ён пісаў лісты супраць праекту пабудовы шахтаў кітайскімі інвэстарамі, што наносіла шкоду навакольнаму асяроддзю, і папярэджваў пра растучы ўплыў Кітайскай Народнай Рэспублікі ў В'етнаме. Калі звычайных грамадзян за крытыку ўрадавай палітыкі кідалі ў турму, яго абараняў ад рэпрэсій статус ветэрана вайны, які меў шмат узнагародаў.

kam.

Пераклаў зь нямецкай В. Буйвал.

Крыніца: http://www.nzz.ch/aktuell/international/auslandnachrichten/vietnams-skrupellos-brillanter-feldherr-1.18166198