У ІХ ТАКІ “МЭТАД”
7 кастрычніка Радыё Свабода выпусьціла наперад вядомага С. Дубаўца з тэкстам пад ударным тытулам — “Чатыры ўдары па Беларусі” . Цытуем стартавы фрагмэнт Дубаўцовага тэарэтызаваньня:
“Ня трэба тлумачыць, што для адносна невялікай супольнасьці значыць страта аж чатырох ключавых постацяў за тыдзень”.
Далей аўтар нагадвае, што першай такой постацьцю быў памерлы філосаф М. Крукоўскі — “найбуйнейшы філёзаф усіх часоў” (гэтак у тэксьце). Другім названы Н. Рандаў — нямецкі перакладчык беларускай літаратуры. Трэцім названы В. Івашкевіч — “пачынальнік новага беларускага адраджэньня” (гэтак у тэксьце). Чацьвёртая постаць — К. Бязмацерных, блогерка.
Адразу адначым, што ў хрысьціянскай традыцыі не прынята параўноўваць значнасьць нябожчыкаў у першыя дні пасьля іх адыходу ў лепшы сьвет. Гэта робіцца праз пэўны гістарычны час, у падручніках і хрыстаматыях. Перад сьмерцю ўсе людзі роўныя. А вось у грамадзкім жыцьці — не. І што С. Дубавец так сьпяшаецца?
Яны там у РС калектыўна былі пасьпяшаліся. Настолькі, пасьпяшаліся, што “забыліся” згадаць хаця б словам, што вялікі беларускі філосаф сучаснасьці Мікалай Крукоўскі быў паплечнікам Зянона Пазьняка, сябрам Сойму БНФ “Адраджэньня” і КХП-БНФ, быў гонарам нашай Партыі. І што яны такія “забыўлівыя”? Калі б такая постаць была ў АГП, то на РС выступалі б “спэцы па філасофіі” Лябедзька, Марголін і прочая і прочая. А тут “ні гу-гу”.
Чацьвёртую са згаданых у тэксьце постацяў ня ведаў па беларускай дзейнасьці, практычна, ніхто.
Навошта ўвесь гэты штучны пафас пра “4 удары”? Усё гэта ёсьць на мяжы словаблуду. Асабліва тое, пра “адносную невялікасьць” шматмільённай беларускай супольнасьці.
Але яны ў РС умеюць-такі трымаць язык за зубамі. На разьвітаньне з М. Крукоўскім РС дало адзін матэр'ял. Добра, што знайшоўся адзін сумленны журналіст і арганізаваў “круглы стол” з абмеркаваньнем значнасьці творчасьці вялікага філосафа. Нагадаем, што на пахаваньне М. Крукоўскага не зьявіўся ніводзін “дэмжурналіст” (!). Мабыць, зноў “забыліся”? А можа такое “рэдакцыйнае заданьне” было?
Затое пра трэцюю постаць яны настваралі больш за дзесятак сюжэтаў. Асабліва цікавым было фота В. Вячоркі, які нясе крыж перад труной. Дэмжурналісты “забыліся”, што Вячорка даўно дэкляруе сябе як паганца, ён пакланяецца медзяному ваўку, а не Крыжу (і паводзіць сябе адпаведна). Прысутныя сталіся сьведкамі акта блюзьнерства.
Ад усяго гэтага круцельства, маны, дэзы і “забыўлівасьці” у нармальных людзей галава кругам ідзе. А супрацоўнікам “флагмана белдэм журналістыки” (як іх людзі называюць апошнім часам) ня млосна. Яны з гэтым звыкліся, “творчы мэтад” такі.
Валеры Буйвал