ЭСТАФЭТА “ГЕРОЯЎ РАСЕІ”

9 кастрычніка польская газэта “Rzeczpospolita” апублікавала артыкул пад тытулам “Ці будзе Грузія байкатаваць алімпіяду ў Сочах?”. Вось гэты артыкул:

Расейскі пілот Іван Нячаеў, які пасьля вайны ў Грузіі атрымаў званьне героя, далучыўся да ўдзельнікаў эстафэты з алімпійскім агнём у Маскве. Грузінскія ўлады разглядаюць гэта як “палітычную правакацыю” і не выключаюць байкота гульняў у Сочах.

7 кастрычніка грузінскі ўрад апублікавал заяву, у якой асудзіў удзел у алімпійскай эстафэце Івана Нячаева, якога ў Расеі лічаць героем вайны з Грузіяй у жніўні 2008 года. Прыкметна, што Нячаеў, будучы адным з 13900 удзельнікаў эстафэты, быў удастоены гонару занесьці алімпійскі агонь у Крэмль. На думку грузінаў, Масква адмыслова высоўвае постаць свайго героя на першы плян. Яна правакуе гэтым адмоўную рэакцыю Грузіі.

Зразумела, што кожная сувэрэнная дзяржава мае права выбіраць герояў, якіх хоча. Аднак краіна, якая імкнецца нармалізаваць адносіны з суседняй краінай, ня робіць такіх крокаў. — цытуе заяву грузінскага ўраду партал civil.ge. З апублікаванай заявы вынікае, што ўлады Грузіі “прымуць адэкватныя палітычныя рашэньні з мэтай абароны гонару і інтарэсаў Грузіі і яе жыхароў”. — На жаль, добрая воля Грузіі не была ацэнена Расеяй. — заявіў грузінскі ўрад.

На сытуацыю адрэагаваў прэзыдэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі, які назваў дзеяньні Масквы “жэстам, што зьневажае Грузію”. На думку грузінскага прэзыдэнта, расейскія ўлады выкарыстоўваюць тэму алімпіяды з мэтай прапаганды адарваных ад Грузіі тэрыторый. — Я перакананы, што гэта ёсьць мэтанакіраваныя дзеяньні Крамля, які падключае да ўдзелу ў Алімпіядзе сепаратысцкую Абхазію і Паўднёвую Асэцію. — сказаў Саакашвілі. Словы грузінскага прэзыдэнта падтрымаў былы міністар культуры Грузіі Ніка Руруа.

Грузія мае маральнае права байкатаваць аімпійскія гульні ў Сочах. Удзел грузінскіх спартоўцаў ў гэтым мерапрыемстве азначаў бы, што Расея мела рацыю падчас вайны ў 2008 годзе. Гэта вельмі небясьпечна. — кажа Руруа. На думку былога міністра культуры, Расея адмыслова выбрала Нячаева для ўдзелу ў эстафэце.

Гэта нахабны жэст Крамля, на які Грузія павінна адрэагаваць адпаведным чынам. — сказаў Руруа. Палітык заявіў, што грузінская фігурыстка Эленэ Гэдэванішвілі першая гатовая байкатаваць Сочы і чакае на канчатковае рашэньне ўраду ў гэтай справе.

Расейскія СМІ назвалі апасеньні Тбілісі “чарговай няўдалай спробай байкоту гульняў у Сочах”. Расейская прэса высьмяяла афіцыйную заяву грузінскага ўраду, а на першы плян яны высунулі крытычныя заўвагі прэзыдэнта Саакашвілі. Тым самым Масква спрабуе перакласьці адказнасьць за канфлікт з Грузіяй на Саакашвілі, абмнаючы факт, што новы грузінскі ўрад працягвае ягоную палітыку.

Штурмавік Івана Нячаева СУ-25 быў абстраляны над Цхінвалі 11 жніўня 2008 г. падчас бамбардоўкі горада. У Расеі яму надалі званьне героя, а ягоную майстэрскую пасадку на пашкоджаным самалёце шмат разоў паказвала расейскае тэлебачаньне. Грузіны сьцьвярджаюць, аднак, што героя зьляпіла расейская прапаганда, а ягоны самалёт памылкова падстрэлілі самы расейцы.

rp.pl

Пераклаў з польскай В. Буйвал

Крыніца: http://www.rp.pl/artykul/11,1055483-Gruzja-bojkotuje-olimpiade-w-Soczi-.html

І што так расхваляваліся грузіны? Яны, мабыць, забыліся, што Алімпіяда будзе лубянская. Па прасторах РФ паходню (якая то гарыць, то дыміць, то тухне) панясуць па чарзе “лучшіе і надёжные товарішчі с рекомендаціямі”. Сярод іх гэбіст-танкіст, які страляў разрыўнымі снарадамі па школе ў Беслане, лубянец-газаўшчык, што пускаў атрутныя газы ў Тэатр на Дуброўцы, лепшы майстар катаваньняў з канцлягеру Чарнакозава ў Чачэніі, падрыўнікі маскоўскіх і валгадонскіх жылых дамоў і іншыя. Вось хто сапраўдныя героі фэномэна “велікой Россіі”. Дарогу героям!

Янка Базыль