“ДЭМАКРАТЫЧНЫ” МАРАЗМ

Я памятаю даўні час, калі Навабеліца называлася горадам. Цяпер толькі на старых фотаздымках застаўся інфармацыйны подпіс фотаатэлье — “г. Ново-Белица, 1961 год”. І партрэты людей, большасьці зь якіх ужо няма. Астатнія пасівелі, пасталелі, састарыліся. Беліца (як усё жыцьцё называюць сваю мясцовасьць тубыльцы) заўсёды мела нейкі правінцыйна-лакальны характар, знаходзілася на мяжы дзьвюх зьяваў — горада і вёскі. Тут нават Ленін каля кіно “Мір” нейкі слаба манумэнтальны, нейкі па-свойску местачковы (нядаўна яго рэстаўравалі і абклалі новымі гранітнымі плітамі). Каласальныя транспаранты з Брэжнявым (якому мастакі-афарміцелі ўвесь час падмалёўвалі грудзі для новых ордэнаў) пачыналіся за Сожам — у Гомелі. Ніхто і не ўспамінаў, што ўвосень 1943 года наша Беліца на працягу амаль месяца была сталіцай БССР, калі фронт праходзіў па Сажы, а па гэты бок засядалі ЦК КПБ і Вярхоўны Савет БССР.

Як і паўсюль у саўдэпіі нас, — дзятву, — выганялі са школы зьбіраць “мэталалом”. На суботніках часам адбываліся больш карысныя дзеяньні. Пад самае неба вырасьлі ўжо вербы і клёны, што мы пасадзілі былі пад тэмпэрамэнтным кіраўніцтвам настаўніцы Клары Аляксееўны. Праз дзесяцігоддзі яна (габрэйка па нацыянальнасьці) адзіная выступіла па-беларуску на юбілейнай сустрэчы выпускнікоў. У 1999 г. наша школа ўжо вярнулася ў кандовае русіфікатарскае становішча. Але былі 1991-95 гады, калі маладыя настаўнікі і дзеці хадзілі ў беларускую школу, дзе вучылі і вучыліся на роднай мове.

На жаль, з тае пары з Навабеліцы ў інфармацыйную прастору паступаюць з ласкі “дэмСМІ” у асноўным нейкія абсурдныя і недарэчныя паведамленьні. Тэндэнцыя насьцярожвае. 10 кастрычніка Радыё Свабода завяршыла свой дзень інфармпрадуктам пад тытулам “Дэмакратычны паход у Навабеліцу”. Назоў закручаны “крута”, адразу прыцягвае да сябе ўвагу. Так і бачыш, як мясцовыя дэмакраты бадзёра маршыруюць на Беліцу шыхтом і з песьняй “Взвейтесь кострамі...”

Прадчуваньне не падманула, з малой радзімы паступіла чарговая доза дэммаразма. Цытуем РС:

Восем дэмакратычных арганізацыяў Гомеля распачалі 10 кастрычніка грамадзка-палітычную кампанію “Навабеліца”. Прадстаўнікі руху “За свабоду”, Партыі БНФ (маецца на ўвазе псэўда-БНФ ад галіхвэ Янукевіча — В.Б.), “Дэмакратычнага форуму”, “Нашага дому” ды іншыя зь ліку падпісантаў сумеснага пагадненьня спрабуюць вырашыць у Навабеліцкім раёне Гомеля, адным з чатырох у горадзе, лякальныя пытаньні, кшталту, “Новы двор”, “Новая дзіцячая пляцоўка”. Дзеля гэтага яны плянуюць арганізаваць жыхароў, падштурхнуць іх да актыўнасьці. “Адначасова мы пачынаем падрыхтоўку да выбараў у мясцовыя саветы, прапануючы жыхарам прававую дапамогу, а таксама новых кандыдатаў у дэпутаты зь ліку прадстаўнікоў дэмакратычных арганізацый”, — гаворыць актывістка руху “За свабоду” Галіна Краўчанка. (Канец цытаваньня).

Атрымліваецца так. “Дэмакраты” будуць хадзіць паходам і штурхаць сустрэчных мінакоў у бок удзелу ў выбарчых шоў дыктатуры. Калі стомленыя электаральным падманам людзі будуць пасылаць іх куды падалей, тыя будуць прэзэнтаваць сваіх дэмкандыдатаў. Адначасова дэмтурысты будуць штурхаць мінакоў на вырашэньне пытаньняў кшталту “Новы двор”, “Дзіцячая пляцоўка”. Не самы зьбіраць мэталалом і дапамагаць пабудаваць гэтыя аб'екты (калі ім так закарцела), а “падштурхоўваць да актыўнасьці”. Адным словам, у ціхамірнай Беліцы разгортваецца палітыка эўрапейскага ўзроўню.

“Поўны сур'ёз”, зь якім Радыё Свабода апісвае гэтую буфанаду, на самой справе мяжуе з поўным маразмам. І куды глядяць сёньняшнія сатырыкі? Панове, чытайце рэпартажы РС, тут набярэцеся безьліч хлестакоўскіх сюжэтаў. Ня трэба будзе голаў ламаць над пустым аркушом.

У фінале просіцца нешта з незабыўнай савецкай паэзіі:

Повсеместно,
Где скрещены трассы свинца,
Или там, где кипенье великих работ,
Сквозь века,
на века,
навсегда,
до конца:
— Коммунисты, вперед! Демократы, в поход!

Валеры Буйвал