ТРЫМАЙЦЕСЯ ДАЛЕЙ АД ПРАФАНАТАРАЎ
Франак Вячорка (Вінцук-малодшы) на вачах расьце, пераганяе свайго татулю, прынамсі ў колькасьці ордэнскіх планак на псэўдаапазыцыйным камзоле. На Радыё Свабода ён робіцца на поўным сур'ёзе жывым класікам. Паглядзіце на прэзэнтацыйнае фота, якое рэдакцыя штораз выстаўляе ў якасьці зьвестак пра аўтара. Поза мысьляра, “дум высокіх полн” і ўсё такое...
Але сёньня мы ўласна не пра яго. Вінцук-junior выдаў на гара рэпартаж з “перадавой маладзёвага супраціву дыктатуры”. Цытуем з РС:
Актывісты грамадзкай ініцыятывы “Альтэрнатыва” расклеілі плякаты зь лягатыпам Бетэлерадыёкампаніі, а таксама надпісам “Здымай локшыну сюды”. Такім чынам актывісты паказалі недавер да афіцыйных мэдыяў, у першую чаргу тэлебачаньня. Акцыя прымеркаваная да 11 кастрычніка, калі ўсе дзяржаўныя тэлеканалы будуць весьці чарговую трансляцыю прэсавай канфэрэнцыі А. Лукашэнкі”. (Канец цытаваньня).
Лідэрам “Альтэрнатывы” згаданы ў сюжэце маладзён Алег Корбан. Пачытаем пра яго ў Сеціве:
“Олег Корбан был избран председателем “Молодых демократов” в 2010 году. В том же году он руководил избирательным штабом по Минску кандидата в президенты от ОГП Ярослава Романчука, был фигурантом уголовного дела о массовых беспорядках 19 декабря 2010 года. Корбан был задержан 20 декабря, помещен в следственный изолятор КГБ и отпущен из него под подписку о невыезде 7 января 2011 года.
В 2012 году Корбан выдвинул свою кандидатуру на пост председателя ОГП, однако во время съезда, который проходил 31 марта, неожиданно снял свою кандидатуру. 12 июля Корбан заявил о выходе из ОГП”. (Крыніца: http://ampby.org/2012/09/07/21559/)
Што ж, дасьведчаны барэц за народнае дзела, столькі ўсяго пасьпеў у сваёй кароткай рэвалюц-біяграфіі. І ў вядомага правакатара Раманчука начштаба пабыў, і Лябедзьку спрабаваў з трона скінуць. З ізалятара КГБ ён выйшаў “новым чалавекам” і заняўся маладзёвай “Альтэрнатывай”. Героі расклейваюць свае інфармацыі на сьмеццевых баках. Адным словам, ад іх страшная пагроза тыраніі.
Аўтар рэпартажа на РС чамусьці “забыўся” згадаць, што Корбану і ягоным гаўрошам йшлося не аб “локшыне”, а аб “лапшы”. Што ўся дзейнасьць гэтай груповачкі разьвіваецца ў рэчышчы “русскоязычності”. Яны і іншых з беларускай моладзі хацелі б зацягнуць у сваю разанска-маскоўскую фронду.
Яны ўласна і не “Альтэрнатыва”, а банальная “Альтернатива”. Вось толькі альтэрнатыва чаму? Лукашызму? Дык ім далёка да БТ і да начальніка рэжыму. Тыя пад настрой могуць выдаць цэлую інфармканструкцыю па-беларуску. А гэтыя, як бачым, здольныя толькі па сьметніках з расейскімі налепкамі поркацца.
Дарагія юнакі і дзяўчаты, трымайцеся падалей ад гэтых прафанатараў.
Павел Гулевіч