“ЦІМАШЭНКА — ГЭТА ТОЛЬКІ ДЭКАРАЦЫЯ”
7 кастрычніка славацкая газэта “SME” апублікавала артыкул пад тытулам “Калонка пра суседзяў: Цімашэнка — гэта толькі дэкарацыя”. Вось гэты артыкул:
Йдзецца пра ўплыў і грошы. Галоўным акцёрам на рынгу ёсьць не экс-прэм'ер Цімашэнка, а расейскі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін.
Усе гатовыя на ўсё: украінская прэм'ер Юлія Цімашэнка, пакуль што ў вязьніцы, згадзілася, каб яе лекавалі нямецкія лекары.
Украінскі прэзыдэнт, хаця ён не сказаў гэта ўголас, згадзіўся, што яна ўрэшце ад'едзе кудысьці, адкуль яе не пачуюць ва Ўкраіне. І ўрэшце эўрапейскія палітыкі згодныя ўзяць да сябе неадназначную асобу Цімашэнкі, каб з чыстым сумленьнем можна было падпісаць у лістападзе славутую дамову з Украінай.
І калі раптам Цімашэнка думае, што яе асоба сталася цэнтральным пунктам перамоваў, праўда больш празаічная. Йдзецца пра ўплыў і грошы. А галоўным акцёрам на рынгу зьяўляецца не экс-прэм'ер, а расейскі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін. Аднак ягоныя намаганьні ўтрымаць Украіну пад сваім уплывам відавочна скончацца (пакуль што) дарэмна.
Кіеў прыняў рашэньне на карысьць Брусэля, а Брусэль прымае яго з адкрытымі абдымкамі. Ня йдзецца пра ўкраінскія палі, вугаль ці якаснае сала. Йдзецца пра Расею. Пра тое, што Эўропа здолее адрэзаць кавалак ад яе вялікадзяржаўнага пірага.
А Цімашэнка — гэта толькі дэкарацыя ў гэтай палітычнай гульні.
Яно так лепш выглядае, калі Эўразьвяз можа строіцца галоўным абаронцам правоў чалавека і калі ён бярэ пад ахову безабаронную жанчыну. Толькі вось гэтая жанчына не такая ўжо безабаронная, а правы чалавека для Эўропы не такія ўжо грунтоўна важныя.
Пэтра Прахазкава
Пераклаў з славацкай В. Буйвал.
Рэдкія для заходняй журналістыкі такія тэарэтызаваньні. Сапраўды, столькі насіліся з праблемай вакол кіеўскай экс-прэм'ер, што многія людзі й паверылі — гэта ёсьць галоўным у маскоўска-украінскім супрацьстаяньні. Але заходнік ня быў бы заходнікам, каб не захапіцца містыкай пэрсаналій. Паводле славацкай журналісткі, акрэдытаванай у Маскве, галоўнай фігурай у раскладзе сілаў ёсьць Пуцін. У кароткім тэксьце яна паўтарае гэта два разы.
Усе яны чамусьці забываюцца пра ўкраінскі народ — пра сапраўднага гаспадара сваёй зямлі і свайго гістарычнага лёсу. Маўляў, Пуцін перадумае дзяліцца ад пірага, і нічога ня выйдзе. Але так ужо ня будзе. Разьвіцьцё Украіны з 1991 года вызначае не Масква і нават не афіцыйны Кіеў. Усе дасягненьні ёсьць вынікам стваральнай працы і патрыятычнага змаганьня мільёнаў украінскіх людзей і нацыянальнага авангарда. І калі Масква надумае ў бліжэйшыя тыдні і потым нахрапіста вяртаць украінскі народ у свой, як казалі пры Брэжняве, лягер, то ўкраінцы выразна пакажуць імпэрцам, хто ёсьць галоўным суб'ектам нацыянальнай гісторыі.
Павел Гулевіч