“ДЭМАНСТРАНТЫ ЗААТАКАВАЛІ РАСЕЙСКУЮ АМБАСАДУ Ў ТРЫПАЛІ”
3 кастрычніка партугальская газэта “Diario de Noticias” апублікавала артыкул пад такім тытулам. Вось гэты артыкул:
Дзясяткі разьюшаных дэманстрантаў ў сераду спрабавалі захапіць амбасаду Расеі ў Трыпалі пасьля таго, як разышліся зьвесткі аб забойстве афіцэра лібійскай арміі расейскай жанчынай. Пра гэта паведаміла сьведка, працытаваная агенцыяй AFP.
Дэманстранты зьнішчылі аўтамабіль, што стаяў перад амбасадай і пашкодзілі партал дыпламатычнай місіі.
Службы бясьпекі былі выкліканы на месца, каб абараніць дыпламатаў, што знаходзіліся ўнутры комплекса.
Пазьней лібійскі прэм'ер-міністар Алі Зэйдан і міністар замежных справаў Магамэд Абдэльазіз прыбылі ў абмасаду, каб ацаніць пашкоджваньні, якія, паводле агенцыі навінаў Lana, аказаліся невялікімі.
Інцыдэнт адбыўся праз два дні пасьля сьмерці афіцэра арміі ў раёне Соўк Джума, у сталіцы краіны.
Некаторыя крыніцы казалі, што расейская жанчына зьдзейсьніла забойства за тую ролю, што афіцэр адыграў у паўстаньні 2011 г. супраць рэжыму Кадафі, а іншыя асобы падкрэсьлілі, што жанчына была замужам за афіцэрам і прычынай інцыдэнта быў сужонскі канфлікт.
Сусана Салвадор
Пераклаў з партугальскай В. Буйвал.
Гэтая лакальная ўспышка народнага гневу сьведчыць ня толькі пра тэмпэрамэнт лібійцаў, але таксама аб тым, як яны ставяцца да Масквы. Добра, што мясцовыя службы хутка прыляцелі ратаваць “русскіх товарішчей”. Дэманстранты пасьпелі, аднак, добра разьбіць фасад будынку амбасады і спаліць сьцяг РФ.
У сувязі з гэтым было б добра, каб расейскія прадстаўнікі ў сьвеце зразумелі агульную карысьць ад мірных, негвалтоўных акцый пратэсту перад іхнімі прадстаўнітвамі. Так, аднак, бывае не заўсёды. Народы ўсё больш ведаюць і здагадваюцца аб сапраўднай дзейнасьці маскоўскіх кантораў у сваіх краінах.
Амбасадзе РФ у Менску няма чаго баяцца. Свой будынак амбасады Масква ў парушэньне ўсіх сусьветных правілаў бясьпекі пабудавала ў нашай сталіцы ў некалькіх дзесятках мэтраў ад буйнога дзіцячага шпіталя. Цяпер ім ня страшныя ні артылерыйскі абстрэл, ні бамбардоўка. Там цяпер нават шумець нельга. Товарішчі прыкрыліся беларускімі дзецьмі, хворымі дзецьмі.
Ян Булыга