БЕЗДАРЫ ІЗГАЛЯЮЦЦА
Першы бездар засьвяціўся на подыюмах і ў СМІ як “модны дызайнэр з Гомеля Я. Іванчык, пераможца многіх конкурсаў”. Ён вывеў на подыюм мадэляк з задранымі спадніцамі. На строях мадэляк былі спрэс беларускія народныя арнаменты, на майтках (“трусах”) яны былі таксама. У “мужчынскіх часопісах” і ў публічных дамах ёсьць розныя варыянты заахвочваньня кліентаў. У тым ліку і праз манернічаньне ў вопратцы сэкс-работніц. Па жаданьню кліента прадажных дамачак могуць апрануць пад медсястру, школьніцу-Лаліту, строгую даму тыпу “сіняя панчоха” і г.д. Мярзотная гульня падабаецца кліентам. Але падобна, што гомельскі гопнік-“дызайнэр” вынайшаў новы спосаб прастытуізацыі нацыянальнага строю і беларускіх дзяўчат.
Другі бездар (або бездары) быў заўважаны на сёлетніх “Дажынках” у Жлобіне. Старажытны горад Петрыкаў прадстаўляў народны ансамбль, які па-майстэрску выконваў беларускія танцы. Ансамлю (пра што сьведчыла дэкаратыўная брама петрыкаўскіх сялян) чарговы гопнік ад раённага кіраваньня культурай і адпачынкам (а можа і вышэйшае культурначальства) надаў блюзьнерскі назоў “Петрыкаўскія бульбашы”. Немагчыма, каб народны ансамбль у Расеі назваўся б “Разанскія кацапы”, у Азэрбайджане “Апшэронскія чуркі”, у Летуве “Алітускія лабусы”, а ва Ўкраіне “Падольскія хахлы”. Таму, хто там паспрабаваў бы так абазваць мясцовы люд, гэты люд зрабіў бы так, што абзывацца больш не захацелася б. А зь беларусамі “усё можна”, яны “талерантныя”... Ну, гэта да пары.
У вызваленай ад акупацыі Беларусі падобныя дзеяньні будуць кваліфікавацца як крымінальнае злачынства зьнявагі нацыянальнага і чалавечага гонару нашых людзей. З адпаведнымі пакараньнямі. Але імёны і дзеяньні цяперашніх мярзотнікаў таксама ня будуць забытыя. Яны распавядуць пра тых, хто надавуміў іх на такую “творчасьць”.
Павел Гулевіч