ВАЙНА СУПРАЦЬ БЕЛАРУСКАЙ КУЛЬТУРЫ

Злачынная палітыка русіфікацыі неяк зрабілася нормай за гады існаваньня антынацыянальнага рэжыму на нашай зямлі. Бальшыня людзей пачалі ўжо нават звыкацца з гэтай імпартаванай з Масквы пошасьцю. Але лукашызм не спыняецца, прэ наперад, душыць самыя, здавалася б, звычайныя праявы беларускага духа і нашай культуры. З розных куткоў Беларусі паступаюць зьвесткі пра яшчэ больш жорсткае зашморгваньне пятлі на шыях беларусаў. Вось прыклады.

Сёлета былі, фактычна, звольненыя з працы сумленныя работнікі кніжнай справы. Працуючы ў кнігарнях, гэтыя людзі падыходзілі творчы да сваіх абавязкаў. Ня проста сачылі, каб хто-небудзь не скраў кніжную прадукцыю, а размаўлялі з наведвальнікамі, знаёмілі іх з кніжнымі навінкамі, прапанавалі пагартаць часопісы, падказвалі, якія кніжкі лепш купіць дзецям. Здаецца, вось як добра! За што ж звальняць? Аказалася, што паводзіны гэтых кнігалюбаў былі на мяжы дзяржаўнага злачынства і здрады рэжыму. Справа ў тым, што гэтыя беларусы іншым беларусам распавядалі пра беларускія кнігі, раілі купіць беларускія часопісы, падказвалі, як трэба займацца зь дзецьмі, каб яны пачалі прынамсі разумець родную мову. Руплівае начальства заўважыла гэта і проста не працягнула кантракт з гэтымі беларусамі. Зразумела, што такое рашэньне яно прыняло не само сабой, а выконвала вышэйшы рэскрыпт (але, зрэшты, халуёў хапае).

З вышэйшых навучальных установаў паступаюць зьвесткі пра зачыстку на літаратурным полі. Зразумела, што для лукашызма Васіль Быкаў ужо даўно “враг народа”. З гэтым людзі ўжо звыкліся. Але вось студэнты паспрабавалі заявіць, што хацелі б напісаць творчую працу пра вершы Ніла Гілевіча. Зь імі “побеседовало” начальства і патлумачыла, што гэтая тэмы і гэтая постаць непажаданыя. Яны, маўляў, могуць узяцца за аналіз твораў Гілевіча, але ўсяроўна не атрымаюць высокай адзнакі і будуць “іметь проблемы”. Цяпер можна пісаць толькі пра калабарантаў і бездараў кшталту Чаргінца або Алекісевіч.

Вайна супраць беларускай культуры працягваецца. Беларусы мусяць супраціўляцца.

Сымон Рудзік