МОЦНАЯ ПРАМОВА. ПРЭЗЫДЭНТ ГРУЗІІ СААКАШВІЛІ ВЫСТУПІЎ У ААН

25 верасьня прэзыдэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі выступіў па-ангельску на Генэральнай Асамблеі ААН у Нью-Ёрку. Дэлегацыя Расеі пры гэтым ускочыла зь месцаў і выдалілася з залі паседжаньняў. Дэлегацыі краін-членаў ААН ацанілі выступ грузінскага лідэра гучнымі апладысмэнтамі. Вось некалькі фрагмэнтаў гэтага выступу:

Усходне-эўрапейскія краіны імкнуцца далучыцца да эўрапейскай сям'і вольных і дэмакратычных дзяржаваў, але ўвесь час сустракаюцца з ціскам і пагрозамі.

Арменія была загнана ў кут і вымушана падпісацца на ўступленьне ў Мытны Зьвяз, што не зьяўляецца яе нацыянальным інтарэсам альбо інтарэсам нашага рэгіёна.

Малдова ў блакадзе, Україну ўвесь час атакуюць, Азэрбайджан знаходзіцца пад надзвычайным ціскам, а Грузія акупавана.

Чаму? Таму што старая Імпэрыя спрабуе заявіць правы на свае былыя межы. Але “межы” цяпер не адпаведнае слова, бо гэтая Імпэрыя — чым бы яна ні была: Расейскай Імпэрыяй, Савецкім Саюзам, Расейскай Фэдэрацыяй або Эўразійскім Саюзам — ніколі ня мела межаў. Яна мела толькі ўскраіны.

У адрозьненьні ад бальшыні дзяржаваў, Расейская Фэдэрацыя не зацікаўлена ў тым, каб мець вакол сябе стабільныя дзяржавы.

Суседнія краіны ў няспынным хаосе — вось да чаго імкнецца Крэмль. Ён адкідвае саму ідэю моцных урадаў у Грузіі, Украіне або Малдове, нават калі яны спрабуюць быць прыязнымі да яе інтарэсаў.

Я ніколі ня быў вялікім прыхільнікам таго, што французы называюць La langue de bois (франц. — рэзкія выразы), але калі набліжаецца да канца мой другі прэзыдэнцкі тэрмін, я мацней, чым раней, адчуваю неабходнасьць выказацца ад душы.

Давайце гаварыць канкрэтна.

Вы думаеце, што Ўладзімір Пуцін жадае, каб Арменія раптам узяла верх над Азэрбайджанам? Не. Гэта зрабіла б Арменію надта моцнай і патэнцыйна надта незалежнай.

Можа вы думаеце, што на самой справе Масква хоча, каб Баку стаў дамінаваць над Ерэванам? Відавочна, што не. Рэзкі ўздым сучаснага, дынамічнага Азэрбайджана быў бы кашмарам для лідэраў Расеі.

Не, яны ня хочуць, каб нехта зь іх дамінаваў. Канфлікт сам па сабе ёсьць іхнай мэтай, бо ён робіць абедзьве дзяржавы залежнымі і блакуе іхную інтэграцыю ў агульнаэўрапейскую прастору.

Вы думаеце, што электаральная параза Аранжавай Рэвалюцыі ва Ўкраіне падштурхнула Крэмль на больш мяккае стаўленьне да гэтай краіны?

Наадварот. Учора я размаўляў з маім калегай Віктарам Януковічам. Ягоны ўрад увесь час падзьвяргаецца наступу і ціску з боку Расеі. Усё гэта на парадку дня напярэдадні саміта Усходняга Партнёрства Эўразьвяза ў Вільні. А расейскія афіцыйныя прадстаўнікі ў адкрытую кажуць цяпер пра расчляненьне гэтай дзяржавы — я чуў такую прамову два дні таму.

Вы думаеце, што Крэмль пагодзіцца на вызваленьне ад акупацыі нашых рэгіёнаў Абхазіі і Паўднёвай Асэціі — цяпер, калі ў Тбілісі зьмяніўся ўрад? Нічога гэтага ня будзе.

Анэксія грузінскіх земляў расейскімі войскамі працягваецца.

Учора акупанты ў чарговы раз выгналі грамадзянаў Грузіі з іхных дамоў і разбурылі дамы. Яны с поўнай беспакаранасьцю разбураюць іхныя вёскі, жыльлё і дамы іхных бацькоў і дзядоў, іхныя могілкі, сістэму водазабесьпячэньня.

Нягледзячы на прыязныя заявы, якія ў апошнія тыдні і месяцы зрабіў урад Грузіі, расейскія войскі прасоўваюць наперад свае пазыцыі, падзяляюць паселішчы новымі лініямі калючага дроту, пагражаюць нашай эканоміцы, прасоўваюцца да жыцьцёва важнага нафтаправода Баку-Супса, усё больш набліжаюцца да галоўнай аўтадарогі Грузіі і, такім чынам, ставяць пад пытаньне само існаваньне нашай краіны.

Мы зьяўляемся адной зь нямногіх нацый у гісторыі — і я вельмі ганаруся гэтым, якая прыняла на сябе паўнамаштабны, нябачанай моцы расейскі ўдар. І нам першым на працягу многіх стагоддзяў удалося захаваць сваю дзяржаўнасьць і незалежнасьць нягледзячы на паўнамаштабную атаку 100-тысячнай расейскай арміі, нягледзячы на бамбардоўку сіламі 200 самалётаў, атаку сіламі расейскага Чарнаморскага флёту і дзесяткаў тысячаў наёмнікаў.

Нашы дзяржаўнасьць і незалежнасьць выжылі нягледзячы на ўсё гэта. Але давайце не дапусьцім паразы ў мірны час. Мы выжылі, таму што мы былі аб'яднаныя. Мы выжылі, таму што з намі быў сьвет. Я спадзяюся, што сьвет будзе з намі ў пэрыяд ціску на нас.

Я прыбыў сюды, каб ад імя грузінскага народа заклікаць вас, міжнародную супольнасьць магутна адрэагаваць на гэтую агрэсію і дапамагчы нам пакласьці канец расейскай анэксіі нашай зямлі.

Варожасьць Уладзіміра Пуціна і яго каманды да ўраду, які я маю гонар узначальваць на працягу амаль дзесяцігоддзя, не базуецца на асабістай нянавісьці або культурніцкім непаразуменьні. (...)

Чаму? Таму што цяперашнія расейскія ўлады выдатна ведаюць, што як толькі будуць пабудаваныя моцныя інстытуцыі ўлады ва Ўкраіне, Грузіі, Малдове або ў іншых месцах, як толькі пойдзе ўздым дзяржаўнай дзейнасьці, то такія інстытуцыі, такія дзяржавы будуць адлюстроўваць і рэалізоўваць волю сваіх народаў — а гэта значыць, станавіцца цалкам незалежнымі і ісьці ў Эўропу. (...)

Спробы павярнуць назад паступальны рух Эўразьвяза і НАТО ў нашым рэгіёне — прагрэс, базаваны на волі нашага народа — становяцца ўсё больш напружанымі.

Гэтыя спробы маюць імя : Эўразійскі Саюз.

Мне робіцца млосна, калі афіцэр КГБ Уладзімір Пуцін чытае сьвету лекцыі пра свабоду, каштоўнасьці і дэмакратыю — гэта апошняе, што ён павінен рабіць сьвету. Гэты дыктатарскі лідэр адной з апошніх імпэрый.

Аднак гэты новы праект значна больш небясьпечны, чым яго лекцыі.

Эўразійскі Саюз быў утвораны як альтэрнатыва Эўразьвязу і разгорнуты Уладзімірам Пуціным як галоўны праект ягонага новага прэзыдэнцкага тэрміну — новай Расейскай імпэрыі. (...)

Эўразійскі Саюз адначасова прадстаўляе нашую нядаўнюю мінуўшчыну і будучыню, створаную для нас нейкімі былымі афіцэрамі КГБ ў Маскве.

З другога боку, нашы адроджаныя традыцыі і выпрабаваныя стагоддзямі спадзяваньні вядуць нас у іншы сьвет, які называецца Эўропай. (...)

Гэты выбар — калі гэта сфармуляваць так — відавочны як для людзей Усходняй Эўропы, так і для крамлёўскіх стратэгаў, якія называюць сябе паліттэхнолагамі і якія вырашылі схаваць праўду і стварылі хлусьню ды пачалі распаўсюджваць яе ва Ўкраіне, Грузіі, Малдове і многіх іншых краінах. (...)

Калі мы чуем абрыдлую музыку пра праваслаўнае братэрства, што сьпяваюць расейскія імпэрыялісты, то ці не пачуем мы голас Патрыярха Кірыёна, які быў забіты, або вечны голас Патрыярха Амбросія Хэлая, якога катавалі на працягу дзён і тыдняў толькі за тое, што ён заклікаў Жэнэўскую Канфэрэнцыю выступіць супраць нашэсьця на ягоную краіну? І ён сказаў расейскім катам: “Вы можаце завалодаць маім целам, маёй плоцьцю, але ніколі маёй душой”. Няўжо мы сталі глухімі і не чуем галасы забітых сьвятароў і біскупаў, закатаваных расейскімі імпэрыялістамі і расейскімі камуністамі? Няўжо мы такія неадукаваныя, што ня ўспомнім, хто замаляваў і абдзер святыя фрэскі ў нашых храмах? (...)

Назіраючы за нашым рэгіёнам сёньня, той, хто хаця б крыху ведае гісторыю Каўказа, павінен успомніць пра армяна-азэрбайджанскую разьню 1905 г., непасрэдна ўтвораную царскай адміністрацыяй, і параўнаць яе з пачаткам канфлікта ў Карабаху на прыканцы 1980-х. Расейская армія была там вельмі шматлікай... але вайна распачалася і яна дапамагала абодвум бакам, на самой справе распальваючы канфлікт. (...)

Мы можам зірнуць на іншыя абшары ў рэтраспэктыве часу, можам зірнуць на Польшчу і Ўкраіну і ўбачым тыя ж карціны. Паўсюль Імпэрыя заўсёды распальвала канфліктныя адносіны паміж паняволенымі народамі і падзяляла іх муром фанатычнага антаганізма.

Яна прызвычаялася так рабіць, на жаль. Але яшчэ большае няшчасьце ў тым, што яна працягвае гэта рабіць. (...)

Эўразійскі Саюз заснаваны на зусім іншых прынцыпах. Ён прасякнуты нецярпімасьцю, ім кіруюць старыя структуры КГБ, ён утвораны дзеля аднаўленьня старой Імпэрыі — вось што значыць Эўразійскі Саюз. (...)

Праміне няшмат гадоў — вы ўспомніце мае словы — і Ўладзімір Пуцін пакіне Крэмль і зьнікне з расейскай палітыкі, хаця сам ён кажа, што застанецца ў ёй на наступныя дваццаць гадоў.

Расейскія грамадзяне будуць успамінаць яго, як прывід з былога часу — часу карупцыі і прыгнёту.

Ніхто ня ведае, ці гэты працэс будзе спакойным, а можа гвалтоўным, ці ягоны наступца будзе нацыяналістам або лібэралам, а можа і тым і другім, але важна вось што: Расея больш ня будзе Імпэрыяй, яна ўрэшце стане нармальнай нацыянальнай дзяржавай.

Гэтую пэрспэкрыву мы павінны падрыхтаваць усе разам. (...)

Як нацыя мы ганарымся нашымі жаўнерамі, якія выстаялі супраць сілаў расейскіх агрэсараў, што былі ў сто разоў большыя, каб даць нам час разам з сьветам мабілізаваць сілы, абараніць і выратаваць нашу незалежнасьць. Гэта тое, што трэба шанаваць, што многія нацыі Эўропы не здолелі зрабіць у 20-м стагоддзе, а яны былі большымі і магутнейшымі за нас.

Мы зьяўляемся і будзем заўсёды нацыяй, згуртаванай у нашай гістарычнай тоеснасьці, у імкненьні далучыцца да эўрапейскай сям'і дэмакратычных нацый, ад якой нас ня ўдасца аддзяліць.

Шлях грузінскага народа да свабоды, рэгіянальнага адзінства і эўрапейскай інтэграцыі далёка ня пройдзены. І я прысьвячу кожны дзень майго жыцьця таму, каб мы прайшлі яго пасьпяхова як гордыя грамадзяне гордай нацыі.

Пераклаў з ангельскай В. Буйвал.

Крыніца: http://www.civil.ge/eng/article.php?id=26491&search=