ПАПСОВЫ ГІМН РАСЕІ

25 верасьня славацкая газэта “SME” апублікавала артыкул пад тытулам “Расейскі гімн атрымае “больш папсовую” вэрсію для моладзі”. Вось гэты артыкул:

Маладзёвая вэрсія запілаванай савецкай мэлодыі павінна спрыяць патрыятызму.

Масква, Прага. Расейскі гімн накручваюць гэтымі днямі ў абсалютна новай аранжыроўцы. Гэтым разам яго будуць папулярызаваць такія зоркі расейскай эстрады, як Алег Газманаў і Стас Міхайлаў.

Гэтае рашэньне прыняло Міністэрства абароны Расеі, а яго культурніцкае аддзяленьне ўжо напружана працуе над новай вэрсіяй старога гімна. Яна павінна спадабацца перш за ўсё маладзейшым.

Каб не было непатрэбных спрэчак паміж пакаленьнямі, па-новаму будзе накручана і класічная вэрсія, якую, як заўсёды, зьдзейсьніць засьведчаны ваенны Ансамбль песьні і танцу Аляксандрава.

Творцы ўжо пачалі запісы ў прасторах Масфільма. Больш сур'ёзны варыянт будзе прызначацца для афіцыяльных выпадкаў, а такзваны “маладзёвы” перш за ўсё дзеля пашырэньня патрыятызму сярод расейскіх маладзейшых.

“Запіс гімна нашай краіны — гэта важная гістарычная падзея, вельмі грунтоўная з пункту гледжаньня нашых галоўных сымвалаў”, — напісана ў заяве міністэрства абароны. Ня робіцца таямніцы з таго, што ідэю папулярнай вэрсіі гімна запрапанаваў сам міністар Шайгу.

Ён загадаў, каб вайскоўцы, што служаць у расейскай арміі і ва ўсіх родах войскаў па ўсёй Расеі штодня сьпявалі расейскі гімн.

Аказалася, што гімн ведаюць слаба і ня толькі ў арміі. А каб маладым лепш сьпявалася, для іх узорны варыянт запішуць папулярныя сьпевакі.

Расейскі гімн уласна ёсьць сучаснай вэрсіяй гімна Савецкага саюза. У 2000 годзе на рашэньне прэзыдэнта Уладзіміра Пуціна на музыку Аляксандра Васільевіча Аляксандрава словы напісаў Сяргей Уладзіміравіч Міхалкоў, бацька славутага расейскага рэжысёра Мікіты Міхалкова.

Пэтра Прахазкава

Пераклаў з славацкай В. Буйвал

Крыніца: http://www.sme.sk/c/6948234/ruska-hymna-dostane-popovejsiu-verziu-pre-mladez.html

Гнілую імпэрыю панесла ў лірыку. Мы будзем зь нецярплівасьцю чакаць зьяўленьне згаданай “папсовай вэрсіі”. Ведаючы прынамсі А. Газманава зь ягоным шэдэўрам (цытуем): “КГБ, МВД и наука высокая — это моя страна!..” — можна не сумнявацца, што падзея сапраўды будзе гістарычнай. Пад хіповае падвываньне на сцэне мабыць будуць круціцца юныя дэсантніцы ў бікіні колеру хакі, а матросы будуць рваць на сабе цяльняшкі і агаляць ура-патрыятычныя наколкі. Мяркуем, што посьпех новай вэрсіі будзе забясьпечаны.

Зрэшты, міністар Шайгу не прыдумаў нічога новага. Савецкая армія ўсіх родаў ужо сьпявала пагалоўна гімн СССР на кожным вечаровым шыхтаваньні пэўны час пры Сталіне і Хрушчове. Гучала і выглядала гэта вельмі дзіка, таму рытуал давялося адмяняць. Беларусы, што служылі ў саветаў пры Брэжняве і апошніх генсеках, таксама ўспамінаюць пацешную народную творчасьць. Калі на маршы аддавалі загад “запевай!”, этнічна стракатыя шыхты забаўляліся на родных мовах, як маглі. На матыў якой-небудзь “Советская страна ракеты нам дала...” пад агульны роў эстонцы сьпявалі народную песьню аб тым, як дзядуля напіўся ў шынку, узбэкі — пра дурнога ішака. Беларусы зазвычай перайначвалі савецка-патрыятычныя рыфмы ў нефармальную рускую лексіку. Ніхто збольшага не хацеў ваяваць і паміраць за крамлёўскую банду.

Мяркуем, што й цяперашняя моладзь РФ не натхніцца “папсовай вэрсіяй” на ваяваньне і паміраньне.

Валеры Буйвал