АГЛЯД ЗАМЕЖНАГА ДРУКУ (27–30.09.2013)
Аўстрыйцы бяруцца за розум
30 верасьня 2013 г. славацкая газэта “Hospodarske Noviny” напісала пра выбарчую кампанію ў парлямант Аўстрыі. Брытанскі журналіст на прэс-канфэрэнцыі задаў пытаньне на ангельскай мове лідэру правай Свабоднай Партыі Гайнцу-Хрысьціяну Штраху. Той адказаў яму: “У нас размаўляюць толькі па-нямецку, sorry”. Прысутныя воплескамі адобрылі паводзіны палітыка. Партыя, якой кіруе Штрах, дамаглася 22% месцаў у парляманце. Яна выступае за спыненьне іміграцыі перш за ўсё з мусульманскіх краін, за выдаленьне нелегальных імігрантаў, спынеьне ісламізацыі Аўстрыі і пабудовы мячэцяў у гэтай краіне. Штраха лібэральныя СМІ і палітыкі называюць “страшылкай Эўропы”.
Наш камэнтар: Яны могуць называць гэтага палітыка як заўгодна, але аўстрыйцы, стомленыя лібэральным маразмам, усё больш масава падтрымліваюць правых дзеячаў, якаія кажуць народу праўду.
Алесь Хадасевіч
Выступ Юрые Лянка
27 верасьня 2013 г. румынская газэта “Evenimentul Zilei” паведаміла з Нью-Ёрку. Прэм'ер Малдовы Юрые Лянка выступіў на паседжаньні Генасамблеі ААН з патрабаваньнем канчаткова вывесьці расейскія ўзброеныя сілы з тэрыторыі Рэспублікі Малдова ў адпаведнасьці з міжнароднымі абавязацельствамі.
Наш камэнтар: Узяліся народы і ўрады за Імпэрыю Зла, штодня новы дзяржаўны кіраўнік патрабуе, каб Масква адчапілася ад яго краіны.
Алесь Хадасевіч
“Падвышэньне духа” з парашутам
27 верасьня 2013 г. польская газэта “Rzeczpospolita” напісала пра сьвятароў РПЦ ў расейскай арміі. На ўсю армію іх ажно больш за 80. У сакавіку сёлета група сьвятароў скакала з парашутамі з самалёта непадалёк ад Разані, каб “падвысіць маральны дух жаўнераў”.
Наш камэнтар: Бяз сьмеху немагчыма чытаць такія паведамленьні аб “праваслаўнай духоўнасьці ў расейскай арміі”. І калі ж яны там вызначацца і разьбяруцца, на чым грунтуецца іхнае “падвышэньне духа”: на тысячах ленінскіх балваноў, якімі засеяна ўся РФ, або на спэцах з РПЦ, якія ўмеюць рабіць кульбіты ў атмасфэры? А трэба яшчэ ўспомніць пра вялікі адсотак жаўнераў і афіцэраў-мусульманаў і г.д. Маскоўска-імпэрская эклектыка даўно стамляе нармальных людзей.
Юрка Марозаў
Збаяліся ваяваць
27 верасьня 2013 г. славацкая газэта “SME” апублікавала артыкул пад тытулам “Чэхаславакія ведала, што вайна будзе, хацела ваяваць”, прысьвечаны ўгодкам Мюнхенскай змовы Гітлера з лідэрамі Вялікай Брытаніі і Францыі Чэмбэрлена і Даладзье. Заходнія дэмакратыі аддалі заходнюю частку Чэхаславакіі Гітлеру, спадзяючыся задаволіць агрэсара і захаваць мір. Армія і грамадзтва хацелі ваяваць, але ўсе палітычныя партыі капітулявалі, спадзяючыся, што саступка спыніць Гітлера. Падчас падпісаньня дамовы чэхаславацкая дэлегацыя сядзела за дзьвярмі. Лёс краіны вырашылі безь яе. Многія гісторыкі лічаць, што чэхаславацкая армія (якая інтэнсіўна рыхтавалася да вайны і пасьпела правесьці мабілізацыю) не магла б спыніць немцаў, але змаганьне зьмяніла б адносіны да Чэхаславакіі ў сьвеце.
Наш камэнтар: Заходнія і мясцовыя палітыкі здрадзілі народ, які хацеў супраціўляцца гітлерцам. Ганебная саступка не спыніла Гітлера, які захапіў усю краіну ўжо ў сакавіку 1939 г.
А менавіта з ваеннага супраціву гітлерскаму фашызму ў 1938 г. мог бы пачацца скоры крах злачыннага Райха. Саступкі агрэсару прывялі да жахаў ІІ Сусьветнай вайны.
Алесь Хадасевіч
Знаёмыя справы
28 верасьня 2013 г. дацкая газэта “Information” напісала, што ў Сірыі паглыбляецца працэс расколу змагарнай апазыцыі на варагуючыя між сабой групоўкі. Актыўна дзейнічаюць у гэтым напрамку ісламісты, якія патрабуюць ад камандваньня і палітычнага кіраўніцтва апазыцыйных сілаў, каб тыя базавалі законы краіны на шарыяце.
Наш камэнтар: Ведаючы, што Масква зьяўляецца “маці-карміліцай” самых экстрэмісцкіх сілаў на Ўсходзе, зразумела, хто аддаў каманду экстрэмістам на раскол і хто кіруе аслабленьнем народнага змаганьня супраць прамаскоўскай тыраніі Асада.
Юрка Марозаў
Цукерака з брыды
29 верасьня 2013 г. дацкая газэта “Politik” апублікавала фота Талаконьнікавай з групы Pussy Riot, што наладзіла блюзьнерскія скокі ў праваслаўным саборы ў Маскве. У артыкуле паведамляецца, што яна 5 дзён праводзіць галадоўку пратэсту супраць цяжкіх умоваў у турме.
Наш камэнтар: Гэтыя фота (Талаконьнікава на іх “пісаная красавіца”) і паведамленьні апублікавалі практычна СМІ ўсяго сьвету. Зразумела, што з гэтай блюзьнерскай хуліганкі актыўна робіцца сьвятая пакутніца лібэралізму.
Алесь Хадасевіч