НЯМЕЦКІ КАРДЫНАЛ ПРА НЯМЕЦКУЮ АГРЭСІЮ

Вядома, што без усьведамленьня мінуўшчыны не магчыма будаваць будучыню. У пасьляваенныя гады шэраг дзяржаўных, грамадзкіх і культурніцкіх дзеячаў Нямеччыны публічна казалі пра злачынствы нямецка-фашыстоўскага рэжыму, знаходзячыся і ў сябе на айчыне і на тэрыторыі краін, якія перажылі гітлерскую акупацыю. Некаторыя зь іх нават укленчылі і схілілі голаў над магіламі ахвяраў гітлерызма (як гэта зрабіў быў, напрыклад, канцлер ФРГ Вілі Брандт у Варшаве).

28 верасьня сёлета сапраўдны акт прымірэньня на аснове адэкватнай ацэнкі мінуўшчыны адбыўся ў чэшскім горадзе Стара Баляслаў. Як паведаміла чэшская газэта “Mlada Fronta Dnes”, там сабраліся тысячы сьвятароў і вернікаў пілігрымкі ў гонар сьвятога Вацлава, патрона Чэхіі, які быў забіты ў гэтым месцы 1078 гадоў таму. Разам з чэшскімі сьвятарамі маліўся і нямецкі кардынал Райнхард Маркс. У сваёй прамове падчас імшы ён заклікаў да працягу працэсу прымірэньня паміж чэхамі і немцамі. Кардынал нагадаў пра 75-я ўгодкі падпісаньня мюнхенскага пагадненьня (1938 год), якая азначала акупацыю Чэхаславакіі. Ягоны выступ прысутныя сустрэлі авацыямі.

Кардынал Маркс сказаў, што нельга спыняць дыялог паміж чэхамі і немцамі. “Гвалт і бяспраўе нанесла цяжкія ўдары і пакінула горыч. Я вельмі шкадую аб гэтым, гэта напаўняе мяне смуткам і глыбака кранае”, — сказаў Маркс.

(Крыніца: http://praha.idnes.cz/svatovaclavska-mse-ve-stare-boleslavi-dhg-/praha-zpravy.aspx?c=A130928_123107_praha-zpravy_kol).

А цяпер прапануем вам завітаць у сфэру ненавуковай фантастыкі. Прыязджае з Масквы нейкі арцыбіскуп РПЦ, выступае на якой-небудзь пілігрымцы ў Беларусі, выказвае жаль у сувязі са злачыннымі дзеяньнямі Масквы на нашай зямлі, заклікае да прымірэньня, просіць дараваць расейскім злачынцам, “бо ня ведалі, што тварылі” і г.д.

Можа нягледзячы ні на што такі падпольшчык і ёсьць у гэрархіі РПЦ, але ён ніколі не праявіцца публічна. Таму што добра ведае: пасьля такога выступу ягоная кар'ера ў РПЦ будзе правалена, яго будуць абвяргаць самы Кірыла з Пуціным. А ў дадатак будзе ўзьнята хваля народнага гневу “по пісьмам трудяшчіхся”. Паводле Масквы ў цэлым і РПЦ у прыватнасьці, стагоддзі расейскай экспансіі і акупацыі Беларусі былі “благотворнымі” для нашага народа (якога, паводле гэтых дзьвюх згаданых інстанцый, няма, а ёсьць “заблудшая ветвь велікороссов”). Яны ніколі не раскаюцца і не папросяць дараваць ім. Яны — такія ж, як і іхныя папярэднікі. Яны верныя сябе і сваёй ардынскай Імпэрыі Зла. Цікава, што нават паняволеныя імпэрыяй народы адвярнуліся ўжо ад гэтых “інстанцый”. Няма што й беларусам рабіць у імпартаванай і чужой імпэрскай канторы пад абрэвіятурай РПЦ. Трэба адраджаць на нашай зямлі і ў нашых душах Беларускую Аўтакефальную Праваслаўную Царкву.

Павел Гулевіч