ПАПА ФРАНЦІШАК — ГЕРОЙ ЗМАГАНЬНЯ СУПРАЦЬ ТЫРАНІІ

27 верасьня польская газэта “Gazeta Wyborcza” апублікавала артыкул пад тытулам “Як папа Францішак ратаваў людзей ад аргентынскага рэжыму? “Ён стварыў падпольную сетку дапамогі”. Вось гэты артыкул:

— На прыканцы 70-х — пачатку 80-х гадоў папа — а ён быў тады проста ксяндзом Хорхэ Марыа Бэргольё, правінцыялам езуітаў у Аргентыне — выратаваў ад жахаў ваеннага рэжыму каля сотні асобаў. — распавядаюць аўтары кнігі “Сьпіс Бэргольё. Выратаваныя Францішкам ў гады дыктатуры. Невядомая гісторыя”, якая выходзіць у Італіі. Як? Ён хаваў тых, каго расшуквалі, даваў парады, дапамагаў выехаць з краіны па падробленых паперах, а таксама арганізоўваў гэтыя выезды.

Кнігу напісаў Нэла Скава, журналіст італьянскай каталіцкай газэты “Avvenire”. Прадмову да кнігі падрыхтаваў ляўрэат Нобэлеўскай Прэміі Міру, аргентынскі праваабаронца Адольфа Пэрэс Эсківэль.

“Ксёндз Бэргольё правёў мяне да самалёта”

Італьянскія СМІ адзначаюць, што расповеды асобаў, якім удалося ўцячы ад перасьледу з боку рэжыму, а таксама неапублікаваныя раней дакумэнты прадстаўляюць невядомае дагэтуль пра падпольную дзейнасьць будучага папы, які стварыў цэлую сетку дапамогі.

Як вынікае з кнігі, ксёндз Бэргольё даваў гэтым асобам указаньні і парады, як заблытаць паліцыю і падмануць цэнзуру. Ён таксама браў удзел у арганізацыі ўцёкаў за мяжу тых, каго перасьледвалі. Сярод асобаў, якім дапамагаў ксёндз Хорхэ Марыа Бэргольё, былі дысыдэнты, прафсаюзныя дзеячы, студэнты, інтэлектуалы, як вернікі, так і няверуючыя. — падкрэсьлівае аўтар кнігі. Адной з тых асобаў быў прафсаюзны дзеяч Гансала Моска, якога схавалі ў езуіцкай вучэльні Colegio Maximo ў Сан Мігэлі, дзе яго прынялі як “студэнта, што праходзіў духоўнае перавыхаваньне”. Потым ён выехаў у Бразілію. — Ксёндз Хорхэ ня толькі адвез мяне ў аэрапорт, але давёў мяне да ўваходу ў самалёт. — распавёў журналістам Моска. У кнізе апісана таксама гісторыя Алісіі Алівэйры, грамадзкай дзяячкі і дысыдэнткі. Калі яна хавалася на тэрыторыі езуіцкай вучэльні, ксёндз Хорхэ арганізоўваў для яе таемныя сустрэчы зь яе дзецьмі. Былы дысыдэнт Альфрэда Самоса, які жыве ў Італіі, падкрэсьліў на старонках кнігі, што яму дапамаглі ўцячы з Аргентыны ў Эўропу пасьля таго, як ён вучыўся ў езуітаў.

“Нам не ўдалося”

Апублікаваны таксама невядомы дагэтуль ліст ксяндза Бэргольё сям'і Франса Халікса, аднаго з двух выкрадзеных рэжымам езуітаў, якіх катавалі. Справа двух сьвятароў прывяла да таго, што цяперашняга папу падазравалі ў супрацоўніцтве з рэжымам. Гэта рашуча абверг Ватыкан у заяве, выдадзенай адразу ж пасьля абраньня Францішка. Асабліва настойліва ўздымаў гэтую тэму Гарацыя Вэрбіцкі. Галоўным ягоным закідам на адрас Бэргольё — тадышняга кіраўніка езуітаў — была выдача двух непажаданых, падпарадкаваных яму ксяндзоў, якіх на загад уладаў выкралі ў 1976 г., таемна ўтрымоўвалі і катавалі больш за пяць месяцаў, а потым вызвалілі — пакінуўшы іх паўголых і напампаваных наркотыкамі. Да гэтага эпізода біяграфіі папы зьвярнуўся аўтар новай кнігі, апублікаваўшы ліст ад 15 кастрычніка 1976 года. Бэргольё напісаў у ім сярод іншага: “Я прадпрыняў шмат ініцыятываў, каб дамагчыся вызваленьня вашага брата. Дагэтуль нам гэта не ўдалося, але я не згубіў надзеі на тое, што ён будзе вызвалены ў хуткім часе. Я вырашыў, што гэта ёсьць маёй задачай”. Аўтар кнігі Нэла Скава сказаў у чацьвер па Ватыканскім Радыё, што ксёндз Хорхэ Марыа Бэргольё, дапамагаючы дзесяткам асобаў, “дзейнічаў, рызыкуючы сваім жыцьцём і рэпутацыяй”. Італьянскі журналіст зазначыў, што цяжка вызначыць дакладна, колькім асобам дапамог папа, таму што некаторым ён дапамагаў непасрэдна, а некаторым — не наўпрост.

Яцэк Кавальскі PAP

Пераклаў з польскай В. Буйвал.

Крыніца: http://wyborcza.pl/1,75477,14681537,Jak_papiez_Franciszek_ratowal_ludzi_przed_argentynskim.html