ДРАМА Ў КЕНІІ
24 верасьня бэльгійская газэта “De Standaard” апублікавала артыкул пад тытулам “4-гадовы хлопчык і афіцэр у адпачынку — героі кенійскага жаху”. Вось гэты артыкул:
Пасьля жаху апошніх дзён у кенійскім гандлёвым цэнтры Westgate паступаюць зьвесткі пра паводзіны звычайных людзей, якія зьдзейсьнілі надзвычайныя ўчынкі.
Афіцэр ў адпачынку выратаваў сотню людзей
Афіцэр брытанскай SAS — элітнага аддзела брытанскай арміі, які быў у адпачынку, выратаваў да сотні людзей з кенійскага гандлёвага цэнтру падчас акцыі захопу закладнікаў групоўкай Аль-Шабааб. Гэты чалавек піў каву ў гандлёвым цэнтры, калі туды ўламіліся тэрарысты. Узброены малой ручной зброяй, ён пад кулямі дзесяць разоў вяртаўся ў гандлёвы цэнтар, каб выводзіць адтуль людзей. “Ён выратаваў да сотні людзей” — сказаў адзін сьведка брытанскай газэце “Daily Mail”. Ёсьць таксама фота, дзе гэты чалавек падтрымлівае дзьвюх жанчын.
4-гадовы сказаў тэрарысту: “А ты круты”
Брытанскі хлопчык Эліат Праёр (4 гады) засланіў сабой ад тэрарыста сваю маці, параненую ў нагу, і 6-гадовую сястрычку Эмбэр. Ён сказаў тэрарысту, што ён “круты”. Тэрарыст не стаў забіваць сям'ю, а нават даў хлопчыку пару “марсаў”. І нават нібыта сказаў: “Даруй мне, калі ласка, мы не пачвары”.
sdv
Пераклаў з нідэрляндскай В. Буйвал
Чарговая маштабная крывавая драма дае беларусам і ўсім эўрапейцам матэр'ял для думаньня.
У афрыканскім Найробі жыве шмат сем'яў з Заходняй Эўропы і ЗША. Што яны там (побач з кашмарным Самалі, дзе амаль чвэрць стагоддзя не спыняецца жудасная грамадзянская вайна) робяць з сваімі дзецьмі? У іх ідзе пасьпяховы бізнэс? Яны жывуць у элітных кварталах, куды не пускаюць мясцовых афрыканцаў? Для іх пабудавалі раскошны гандлёвы дом, дзе ўсё, як у Парыжы або Вашынгтоне? І вось афрыканскі кашмар раптам (і ня ў першы раз) уварваўся ў гэтую штучную віртуальную рэчаіснасьць белых людзей. Сярод постацяў кашмару былі тэрарысты з легальнымі пашпартамі ЗША, Вялікай Брытаніі і Нідэрляндаў (зразумела, самалійскага і падобнага паходжаньня). Жыць у Афрыцы паралельна і аўтаномна ад афрыканцаў не атрымалася. І ніколі не атрымаецца. Дык можа было б лепш эўрапейцам і амэрыканцам жыць у сваіх краінах, у сваёй хрысьціянскай цывілізацыі? А Афрыку і вырашэньне афрыканскіх праблем можа лепш пакінуць самым афрыканцам? Можа лепш спыніць плынь экзатычных імігрантаў, якая цячэ ў заходнія краіны?
Сярод іншага зьвяртае на сябе ўвагу подзьвіг брытанскага героя-спэцназаўца. Аказваецца, там у спэцназе вучаць ратаваць людзей і дапамагаць людзям. А ня так, як у лукашыстоўскіх дзяржыморд-структурах: ненавідзець усё беларускае, біць і катаваць беларусаў, ламаць ногі студэнткам і г.д.
Павел Гулевіч