КРУКОЎСКІ МІКАЛАЙ ІГНАТАВІЧ
(1923 — 30.09.2013)
На 90-м годзе жыцьця памёр Мікалай Ігнатавіч Крукоўскі, выдатны беларускі мысьляр, доктар філасофскіх навук, прафэсар, сябра Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ. Усё ягонае жыцьцё было прысьвечана Беларусі. Ён ваяваў за Айчыну ў гады ІІ Сусьветнай вайны, бараніў беларушчыну, не баючыся за кар'еру і камфорт, пры ўсіх рэжымах. Выдатны навуковец, сп. Крукоўскі ў сваіх творах раскрыў усю глыбіню інтэлектуальнага генія нашага народа і красу яго стваральных зьдзяйсьненьняў.
Для нас было вялікім гонарам, што побач з намі ў шэрагах Народнага Фронту крочыць гэты выдатны беларус. Ён назаўжды застанецца з намі, з Айчынай — у памяці духоўных нашчадкаў, у сваіх сьветлых творах, у вечных каштоўнасьцях хрысьціянскай, вольнай Беларусі.
Выказваем шчырыя спачуваньні сям'і і блізкім нябожчыка. Няхай родная зямля будзе яму пухам.
Сябры і кіраўніцтва Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі — БНФ
1 кастрычніка 2013 г.