ІМІТАТАРЫ КУЧКУЮЦЦА
22 верасьня адбылося чарговае “всемірно-історіческое событіе”, аб якім пасьпяшаліся паведаміць усяму сьвету мясцовыя “дэмСМІ”. У паветры запахла сьвежай зялёнай друкарскай фарбай на хрумсткіх банкаўскіх заакіанскіх паперках... і яны пачалі кучкавацца ў кааліцыю. Радыё Свабода нават наладзіла “жывы рэпартаж” з гэтага “всемірно-історіческого”. Праўда, забылася паведаміць, у якой гэта раскошнай залі “оппозіція” засядала і патрабавала “справядлівых выбараў”. Нам давялося браць у рукі лупу і вывучаць фрагмэнты краявіду за вокнамі, каб здагадацца, што рэжым прадаставіў “барцам” канфэрэнц-залю ў цэнтры сталіцы, а менавіта ў гатэлі “Мінск”.
Доўга і падрабязна, аднак, ня хочацца аналізаваць гэтую падзею — утварэньне кааліцыі “За свабодныя і сумленныя выбары для лепшага жыцьця”. Пра яе хаду і стылістыку можна даведацца на сайце РС. Значна цікавей пазнаёміцца з пярлінамі спічаў яе ўдзельнікаў, а таксама з партрэтнай галерэяй. Вось пару цытатаў:
В. Вячорка: “Мэта — ня выбары, а Беларусь без дыктатуры”.
С. Калякін: “Наша задача — стварыць магчымасьць для нармальнай палітычнай барацьбы. Для гэтага ў Беларусь трэба вярнуць сумленныя справядлівыя выбары. Мэты кааліцыі ня маюць ідэалагічнага характару”.
Асоба, названая лідэркай віцебскіх прадпрымальнікаў, распавяла анэкдот пра варону і лісу ды зрабіла выснову: “Мэта — даць людзям зразумець, што ў краіне выбараў няма”. (Канец цытаваньняў).
Што ж, тут як у байцы пра істотаў, якія цягнулі воз у розныя бакі. Для аднаго ў “кааліцыі” — “мэта — ня выбары”. Для другога — “трэба вярнуць выбары”. Для трэцяй — “выбараў няма”. Фантастычна!
Але гэтай публіцы не прывыкаць. Яны яшчэ і не такія канцэрты наладжвалі. Яны зьбіраюцца падзарабіць на абалваньваньні беларусаў і гэтым разам. Але падобна, што нічога ў іх не атрымаецца. Бо ўжо цяпер, у першы ж дзень свайго кааліцыйнага існаваньня яны выглядаюць і гучаць надзвычай пацешна.
Вы толькі ўглядзіцеся ў гэтых пэрсанажаў. Якія партрэты! Пасіянарны А. Лябедзька, “А. Бухвостаў з паплечнікамі” (трыюмвірат з газіроўкай), маладзён А. Фінькевіч (пра яго не было чуваць гады тры, сядзеў у рэзэрве, а цяпер зьявіўся ў “кааліцыі”), салодкагалосы Вінцучок і прочая і прочая. Не абышлося і без драбязы. На здымках заўважаны, напрыклад, вядомы прайдзісьвет Слава Арэшка (сябрук кампаніі Шапуцькі-Раманоўскага, якая шкодзіць у Курапатах). Гэты зьяўляецца паўсюль, дзе пахне халяўнымі грашыма і “апазыцыяй”.
Што ж, паглядзім, як разгорнецца гэтая трупа, якія клоўнскія заклікі яна высуне гэтым разам.
Ян Булыга