ЧАРГОВЫ ПРЫЗ НІЗКАПРОБНАЙ ПРАДУКЦЫІ

А мы й ня ведалі, што шэдэўр Вінцучка-малодшага (Франака Вячоркі) зьяўляецца гістарычна-ваенным фільмам. Што ж, людзям уласьціва не здагадвацца пра некаторыя зьявы жыцьця. Стужка “Жыве Беларусь” атрымала ўзнагароду на Варшаўскім міжнародным кінафэстывалі гістарычных і ваенных фільмаў. У намінацыі “мастацкія фільмы” стужцы выдалі першы прыз — залатую шаблю. Цяпер Вінцучок-малодшы будзе хадзіць падпярэзаны і зьвінець залатым булатам (апошняе словаспалучэньне настолькі ж абсурднае, як і сам факт мілітарнай узнагароды кадру, які ня здолеў даслужыць нават да канца кароткага тэрміну ў нацыянальнай арміі ў мірны час).

“ДэмСМІ” нагадалі нам, што гэта ўжо чацьвёрты па ліку прыз. Раней стужка атрымала прызы ў Стамбуле, Гдыні і Брусэлі. Цяпер можна чакаць, што стужку з удзелам тэмпэрамэнтнай актрыскі Грушкі абвесьцяць выдатным фільмам у намінацыі “за лепшую эротыку” і дадуць адпаведны прыз у чарговым эўрапейскім горадзе. Потым знойдуцца яшчэ прычыны выдаць чарговы кубак (а можа залатую ці срэбную булаву). Калі так пойдзе й надалей, то Оскар Франаку з таварышамі забясьпечаны.

А калі сур'ёзна, то пацьвярджаюцца аргуманты тых людзей, якія мяркуюць, што Франака нехта даволі акуратна вядзе па абсягах кар'ернай дзейнасьці. Гэтыя “нехта” зацікаўленыя ў дэскрыдытацыі і прафанацыі нацыянальнага супраціву ў Беларусі ў вачах заходняй грамадзкасьці і ў зацьверджаньні скрыўленых і нізкіх стэрэатыпаў у дачыненьні да Беларусі і яе людзей.

Але мусім нагадаць, што гэты шлях вельмі склізкі. На працягу даволі многіх гадоў заходнія “нехта” (ідэнтыфікаваныя як нямецкія “дабрадзеі”) ляпілі “геніяльную беларускую пісьменьніцу” з мадам Алексіевіч. Даляпіліся да таго, што яна выступіла ў нямецкай прэсе з гнюснымі заявамі на тэму беларускай мовы і яе (Алексіевіч) прыналежнасьці да рускай культуры. Пасьля таго, як на гэтыя выступы зь Беларусі пачуліся многія галасы асуджэньня фальшывай “беларускай пісьменьніцы”, немцы вымушаны былі сьпісаць яе (прынамсі на цяперашні момант) з сваіх рахункаў. Мадам Алексіевіч нават не была ўключана ў сьпіс намінантаў на літаратурны Нобэль (чаго зусім нядаўна дамагаліся немцы).

Так што шабэльку могуць і назад адабраць...

Сымон Рудзік