СПЭЦАПЭРАЦЫЯ З ВЫКАРЫСТАНЬНЕМ ВАСАЛА АМАЛЬ ЗАВЕРШАНА

Мабыць некаторыя асобы з разьвітай здольнасьцю да фантазіі чакалі, калі выбухне сапраўдная расейска-беларуская вайна. Маецца на ўвазе ўдалы арышт у Менску расейскага алігарха з “Уралкалія” і зьмяшчэньне яго ў Бастылію КГБ РБ. Гучалі розныя заявы, СМІ ўсяго сьвету з радасьцю запаўнялі рубрыку “Беларусь” сэнсацыйным матэр'ялам пра востры канфлікт “паміж Пуціным і Лукашэнкам”.

І вось 13 верасьня ў Менску прызямліўся самалёт з групай “рісковых парней” начале з высокім маскоўскім бізнэс-начальствам А. Мілерам (Газпром) і Г. Грэфам (Зьбербанк). Накіроўваючыся ў “логава непрадказальнага ворага”, яны, мабыць, напісалі спадчынныя і грунтоўна разьвіталіся з сем'ямі. Але нічога, гэтым разам абышлося... БТ паказала, як Лукашэнка рэзка кінуўся на аднаго з памянёных гасьцей, а потым на другога. Ён абхапіў іх ручышчамі, пачаў ціскаць і лез цалавацца. Газпромаўскі і зьбербанкаўскі начальнікі прафэсійна выкруціліся з абдымкаў і не далі пацалаваць сябе. “Честь мундіра” і ўсё такое...

Вось вам і ўся “маскоўска-менская вайна”. Кліент выканаў загад вышэйстаячых па адлову алігархаў, а зь ім нават цалавацца не захацелі. Яго выкарысталі, як унтэра Прышыбеева і не далі нават шакаладнага мэдаля. Наадварот, гукнулі пра падвышэньне коштаў на газ і падобнае.

А калі стала вядома, што камандаваць парадам ва “Уралкаліі” замест разагнанага-арыштаванага начальства прызначаны Ул. Коган (паводле расейскіх СМІ, “неистребимый Коган”, “близкий друг В. Путина”), то стала зразумелым: спэцапэрацыя з выкарыстаньнем менскага васала, можна сказаць, бліскуча завершана.

Ян Булыга