МАСКВА ПАГРАЖАЕ ЎКРАІНЕ

21 верасьня польская газэта “Gazeta Wyborcza” апублікавала артыкул пад тытулам “Дарадчык Пуціна пагражае Ўкраіне: дамова з Эўразьвязам можа азначаць для вас банкруцтва”. Вось гэты артыкул:

Падпісаньне партнёрскай дамовы Ўкраіны з Эўразьвязам можа прывесьці да выстаўленьня Расеяй больш жорсткіх умоваў у гандлі і гэтым давесьці гэтую краіну на мяжу банкруцтва, — папярэдзіў у суботу на канфэрэнцыі ў Ялце дарадчык Уладзіміра Пуціна Сяргей Глазьеў.

Глазьеў пераконваў, што карысьць для Ўкраіны ад заплянаванага стварэньня зоны вольнага гандлю з Эўразьвязам (гэта павінна ўступіць у сілу пасьля падпісаньня партнёрскай дамовы) зьяўляецца “міфалогіяй”. Ён запэўніў, што мыта і стаўкі, якія Расея ўвядзе пасьля прыняцьця гэтага рашэньня могуць каштаваць Украіне мільярды даляраў і ў выніку заштурхнуць гэтую краіну ў спіраль запазычанасьці. — Хто будзе сплочваць украінскі доўг, які абавязкава ўзьнікне? Нехта павінен быць гатовым яго сплочваць. — сказаў ён у Ялце.

Расея ўжо доўгі час папярэджвае Ўкраіну, каб тая не падпісвала дамоваў з Эўразьвязам, і спрабуе заахвоціць гэтую краіну на ўступленьне ў Мытны зьвяз Расеі, Беларусі і Казахстана. Апошнім часам Крэмль ужо наклаў на Кіеў шмат эканамічных абмежаваньняў, сярод іншага, увёў падрабязныя праверкі ўкраінскіх тавараў на расейскай мяжы і забараніў імпарт прадукцыі аднаго з найвялікшых ва Ўкраіне вытворцаў дэсэртаў. Прэзыдэнт Украіны Віктар Януковіч, аднак, запэўніў у Ялце, што шлях ягонай краіны ў бок партнёрства з Эўразьвязам канчаткова вызначаны.

Прадстаўнікі Эўразьвязу спадзяюцца, што падпісаньне дамовы з Украінай адбудзецца ў лістападзе на саміце Усходняга Партнёрства ў Вільні. Яны, аднак, ставяць умовай правядзеньне ў гэтай краіне шэрагу рэформаў, сярод іншага, у судовай сістэме. Спрэчным пытаньнем ёсьць таксама адносіны да былой прэм'еркі Юліі Цімашэнкі, увязьненьне якой, на думку Захаду, мела палітычную матывацыю. Эўразьвяз спрабуе зьдзейсьніць ціск на Ўкраіну, каб Цімашэнку вызвалілі да падпісаньня партнёрскай дамовы.

Міністар МЗС Польшчы Радаслаў Сікорскі, які таксама знаходзіўся ў Ялце, запэўніў, што перамовы на тэму збліжэньня Ўкраіны з Эўразьвязам знаходзяцца на заключным этапе. — Я з задавальненьнем канстатую інтэнсіфікацыю працы ва ўкраінскім парляманце ў справе выкананьня ўмоваў, якія ставіць Эўразьвяз, асабліва што тычыцца рэформы пракуратуры і выбарчага кодэкса. — сказаў ён Польскаму Радыё.

gaw, AP, PAP

Пераклаў з польскай В. Буйвал

Крыніца: http://wyborcza.pl/1,75477,14646479,Doradca_Putina_grozi_Ukrainie__umowa_z_UE_moze_oznaczac.html