ПРЫБАЛТЫ ХВАЛЮЮЦЦА
20 верасьня славацкая газэта “SME” апублікавала артыкул пад тытулам “Прыбалтыйскім краінам не падабаюцца расейскія манеўры ў Калінінградзе”. Вось гэты артыкул:
Дзяржавы ў Прыбалтыцы доўгі час маюць напружаныя адносіны з Расеяй, бо на працягу дзесяцігоддзяў былі складовай часткай Савецкага саюза.
Вільня. Тры прыбалтыйскія краіны ў пятніцу выказалі занепакоенасьць наконт маштабаў ваенных вучэньняў, што пачынаюцца ў Беларусі і расейскім энклаве ў Калінінградзе, тэрыторыі, якая знаходзіцца паміж Польшчай і Летувой.
Паводле лідэраў Эстоніі, Летувы і Латвіі, абвешчаная антытэрарыстычная мэта расейска-беларускіх манеўраў сумніўная.
Яны пры гэтым згадалі пра пацьверджаную Беларусьсю колькасьць у 13 тысячаў вайскоўцаў, што ўдзельнічаюць, пра ўдзел авіяцыі, артылерыі і бранетэхнікі.
Паводле намесьніка начальніка эстонскага генэральнага штаба Эра Рэба за вучэньнямі, якія будуць працягвацца да чацьвярга, схавана “антызаходняя тэма”.
Прыбалтыйскія краіны маюць доўгі час напружаныя адносіны з Расеяй. Бо яны на працягу дзесяцігоддзяў былі складовай часткай былога Савецкага саюза і зьяўляюцца незалежнымі крыху больш за дваццаць гадоў.
Тым часам яны сталіся членамі Эўразьвязу і НАТО, але расейцы іх ўсё яшчэ лічаць сфэрай свайго ўплыву. Таму ўзаемныя адносіны напружаныя, а латышы, эстонцы і летувісы зьвяртаюцца з просьбай аб дапамозе да зьвязу. НАТО мае плян яшчэ сёлета правесьці ў гэтым рэгіёне ваенныя вучэньні з удзелам 6000 вайскоўцаў.
Petit Press
Пераклаў з славацкай В. Буйвал
Крыніца: http://www.sme.sk/c/6942453/pobaltskym-krajinam-sa-nepacia-ruske-manevre-v-kaliningrade.html
Усё добра, яны ўсё разумеюць, бачаць нават “схаваную тэму”, добра памятаюць савецка-маскоўскую акупацыю і сябруюць у НАТО. Паўстае тады пытаньне: чаму ў згаданых балтыйскіх краінах (дзе ўсё так добра разумеюць) на грошы Эўразьвязу ладзяць сваю імітацыйную дзейнасьць мілінкевічы-янукевічы-лебедько і падобныя? Прыбалты не бачаць, што гэта за публіка і хто ею кіруе? Як у той казцы: “Тут бачу, а там ня бачу...” — ?
Павел Гулевіч