“RZECZPOSPOLITA”: “МАНЕЎРЫ СУПРАЦЬ ПОЛЬШЧЫ”

23 верасьня польская газэта “Rzeczpospolita” апублікавала артыкул пад такім тытулам. Вось гэты артыкул:

Масква і Менск праводзяць вучэньні ў Беларусі па здушэньню дывэрсіі, якую падтрымлівае наша краіна. Гэта вынікае з расейскага сцэнара.

Вучэньні “Захад 2013” ужо чатыры дні ідуць у Беларусі непадалёк польскай мяжы. Міністэрства абароны Расеі паведаміла аб першых дэталях, што тычацца іхнага сцэнара. Згодна паведамленьню, “падразьдзяленьні расейскіх мэханізаваных войскаў вырушылі ў раён палігона “Брэсцкі” з мэтай абароны дзяржаўнай мяжы Беларусі і таксама каб не дапусьціць пераходу гэтай мяжы арганізаванымі тэрарыстычнымі групамі”.

Манэўры павінны быць адказам на лакальныя канфлікты апошніх дзесяці гадоў. Сцэнар прадугледжвае, што на тэрыторыю Беларусі прыбылі дывэрсійныя і тэрарыстычныя групы, якія павінны дэстабілізаваць сытуацыю ў краіне. Тэрарысты атрымліваюць зброю і баепрыпасы з замяжы. Каб стабілізаваць сытуацыю, на дапамогу беларускім калегам вырушае расейскае войска.

Наўпрасткі не пазначана, аб якіх дывэрсійных групах йдзецца, а таксама, хто аказвае ім дапамогу звонку. У сувязі з тым, што гаворка вядзецца пра беларуска-польскую мяжу, мяркуемую дапамогу гэтым дывэрсантам можа аказваць толькі Польшча.

Гэта нагадвае сцэнар 2009 года, калі беларускія і расейскія войскі душылі бунт польскай меншасьці, якая, зьдзяйсьняючы паўсюль акты дывэрсіі, пракладвала дарогу для атакі рэгулярных польскіх аддзелаў. Расейцы і беларусы таксама дэсантавалі аддзелы на пляжы, які імітаваў наша ўзьбярэжжа, і сімулявалі атамны ўдар па Польшчы.

— Нас занепакоіў від баявых сродкаў, выкарыстаньне якіх апрабавана. — кажа Міхал Сафянік, дырэктар бюро прадстаўніка польскага МЗС.

У сёлетніх вучэньнях бяруць удзел 13 тыс. жаўнераў, у тым ліку 2,5 тыс. расейцаў, 70 танкаў, 50 ракетных і артылерыйскіх адзінак, больш за 60 самалётаў і верталётаў, а таксама беларускія беспілётнікі. — Кур'ёзна выглядае антытэрарыстычная апэрацыя, якая патрабуе ўдзелу танкаў і артылерыі. — сьцьвердзіў летувіскі міністар абароны Юозас Алекас, якога працытавала агенцыя Baltic News Service.

Яго латышскі калега Артыс Пабрыкс назваў манеўры дэманстрацыяй сілы. — Мы маем падставы сьцьвярджаць, што гэтыя вучэньні маюць ня толькі абарончы характар. Каля летувіскай мяжы Расея размясьціла базу зьнішчальнікаў, а ў некалькіх кілёмэтрах ад латышскай мяжы знаходзіцца база ваенных верталётаў. — сказаў ён.

А на думку міністра абароны Эстоніі Урмаса Рэйнсалу манеўры “непразрыстыя”. — Усё сьведчыць аб тым, што яны зьяўляюцца нічым іншым, як спробай спаборніцтва з НАТО. — сказаў ён. — Адсюль вынікае простая выснова, што гэта ёсьць манеўры з антызаходнім сцэнаром. Той факт, што на вучэньні не запрасілі назіральнікаў з балтыйскіх краін, адмоўна адаб'ецца на бясьпецы ў рэгіёне. — дадаў ён.

Польскае Міністэрства Абароны пакуль не камэнтуе манеўры. Аднак, пэўную пазыцыю ў гэтай справе заняло прэзыдэнцкае Бюро Нацыянальнай Бясьпекі. — Часам вучэньні могуць быць добрым сродкам наладжваньня даверу, калі яны максімальна празрыстыя, даступныя назіральнікам. Вучэньні “Захад 2013”, на жаль, не адносяцца да гэтай катэгорыі. Такім чынам, мы павінны за імі ўважліва назіраць. — кажа кіраўнік Бюро Нацыянальнай Бясьпекі ген. Станіслаў Козей.

У лістападзе наш рэгіён будзе сьведкам наступных манеўраў, гэтым разам НАТО. Вучэньні “Steadfast Jazz” адбудуцца на тэрыторыі Польшчы (палігон у Драўску), Латвіі, Летувы і Эстоніі, а таксама ў Балтыйскім моры.

Руслан Шошын

Пераклаў з польскай В. Буйвал

Крыніца: http://www.rp.pl/artykul/11,1050583-Manewry-przeciw-Polsce.html

Як бачым, вельмі дакладны аналіз мілітарнай зьявы робіцца ў міністэрствах і бюро балтыйскіх краін і Польшчы. Усё падлічана і вызначана спэцыялістамі. Эўрапейцаў не падманеш. Паўстае, аднак, пытаньне наконт пасьлядоўнасьці і паўнаты гэтай аналітыкі. У згаданых краінах камфортна дзейнічаюць структуркі і асобы, якія прадстаўляюцца як “белорусская оппозіція” (розныя мілінкевічы-слуцкія-сіўчыкі) і якімі кіруюць тыя ж , што камандуюць згаданымі ваеннымі сцэнарамі, танкамі і ракетнымі адзінкамі. Як у заходніх спэцоў з логікай, ці ўсё добра? Гэта называецца “умацаваньне бясьпекі” іхных краінаў? Мяркуем, што бліжэйшы час дасьць усе адказы на гэтыя рытарычныя пытаньні.

Сяргей Камароўскі