УКРАІНА І ЭЎРОПА
24 верасьня румынская газэта “Adevarul” апублікавала артыкул пад тытулам “Эўразьвяз робіць Украіне прапанову, ад якой немагчыма адмовіцца”. Вось гэты артыкул:
Сябры Эўразьвяза дамовіліся ў панядзелак распачаць рэалізацыю дамовы аб вольным абмене з Украінай адразу ж пасьля яго падпісаньня, не зважаючы на тое, што Расея цісьне на Ўкраіну, паінфармавала агенцыя AFP.
Летува, якая цяпер старшынюе па чарзе ў ЭЗ, заявіла, што прадстаўнікі краін-членаў прынялі рашэньне ў панядзелак аб тым, што большая частка дамовы пачне рэалізоўвацца і яны ня будуць чакаць, пакуль завершыцца доўгі працэс ратыфікацыі.
Летувіскае старшынства Эўразьвяза паведаміла, што было прынята рашэньне прыступіць да выкананьня дамовы аб вольным абмене з Украінай адразу пасьля яго падпісаньня, хаця зазвычай ратыфікацыя дамовы зацягваецца на доўгі час.
“Як толькі дамова будзе падпісана, будзе магчыма распачаць рэалізацыю 90% дамовы аб вольным абмене, не чакаючы ратыфікацыі”, — заявіў летувіскі міністар замежных справаў Лінас Лінкявічус пасьля сустрэчы з сваімі калегамі з 28 краінаў Эўразьвязу. Паводле міністра Лінкявічуса, ціск з боку Масквы быў адным з чыньнікаў, які паспрыяў эўрапейскаму кансэнсусу што да Ўкраіны.
Ён дадаў, што гэтая так бы мовіць “часовая рэалізацыя” дазволіць зрабіць гэты працэс неабарачальным, а Ўкраіна будзе працягваць рэформы.
Афіцыйныя прадстаўнікі краін-членаў Эўразьвяза дасягнулі згоды пасьля таго, як Вялікая Брытанія адступілася ад сваіх пярэчаньняў, як паведаміў адзін эўрапейскі дыпламат, які пажадаў застацца ананімным.
Кіеў спадзяецца падпісаць дамову аб партнёрстве на саміце Усходняга Партнёрства ў Вільні ў лістападзе. Гэта будзе першы афіцыйны крок на шляху да сяброўства ў Эўразьвязе.
Існуе яшчэ адно патрабаваньне з боку Эўразьвязу, які настойвае, каб Україна выканала яго перад дасягненьнем рэалізацыі дамовы: вызваленьне былой прэм'еркі Юліі Цімашэнкі.
Дамова адкрые Ўкраіне рынкі Эўразьвязу для яе прадукцыі і стане ключавым момантам у павароце на Захад праз аслабленьне эканамічнай залежнасьці ад Масквы. Расея шэраг разоў заклікала Ўкраіну далучыцца да Мытнага Зьвязу з былых савецкіх рэспублік, папярэджваючы, што можа абмежаваць гандль з Кіевам, калі ён падасца ў бок Эўразьвяза.
“Усе працэсы ўзаемазьвязаны. Я заўсёды казаў, што партнёры Эўразьвязу, якія выбралі эўрапейскую інтэграцыю, будуць карыстацца нашай падтрымкай”, — падкрэсьліў летувіскі міністар.
Летувіскі дзеяч згадаў таксама, што Эўразьвяз накіраў важнае паведамленьне Рэспубліцы Малдове і Грузіі. Чакаецца, што яны зробяць першы крок у бок падобнай дамовы з нагоды саміта ў Вільні.
Дзіяна Русу
Пераклаў з румынскай В. Буйвал
Бедная Масква! Аказалася, што шантажаваць ваеннай пагрозай маленькую Арменію значна прасьцей, чым вялікую Ўкраіну. З Крамля пачалі пагражаць, а гэта толькі згуртавала членскія краіны Эўразьвязу і прывяло да кансэнсуса.
Сымон Рудзік