МАНАЛОГ ДЗЯЖУРНАГА ЛУКАШЫЗМУ

17 верасьня летувіскія СМІ паведамілі пра адкрыцьцё Дзён культуры Беларусі ў Летуве. Творчыя дасягненьні нашых майстроў культуры безумоўныя. Вельмі добра, што зь імі пазнаёміцца летувіская публіка. Але, як заўсёды ў такіх сытуацыях, над прыгожай падзеяй замаячыў змрочны цень антыбеларускага рэжыму.

На прэс-канфэрэнцыі ў Вільні амбасадар РБ у Летуве тав. Дражын сказаў некалькі дзяжурных сказаў. Сярод іх, напрыклад, аб тым, што “летувіская і беларуская культуры падобныя”... А потым перайшоў да лічбаў (тут савецка-лукашыстоўскаму чыноўніку палягчэла зь лексікай). Тав. Дражын сказаў, што на падтрымку беларускай культуры з дзяржбюджэту даецца больш за 1% сродкаў. Акрамя таго, па словах тав. Дражына, больш за 10% выдаткоўваецца на асьвету, на ахову здароўя — 8-9%, на сацыяльную ахову — больш за 25%.

Паслухаць дык мы жывем калі не ў раі, то ў самай цывілізаванай краіне Эўропы. Зразумела, што прадстаўнік рэжыму распавядаў пра Беларусь, “каторая ў тэлевізары” (як іранічна называюць нашыя грамадзяне гэбельсаўскую хлусьню па БТ). Вынікі згаданых бюджэтных лічбаў усё нашае грамадзтва бачыць у агульным развале адукацыі і сістэмы аховы здароўя, у злачыннай палітыцы русіфікацыі і здушэньня беларушчыны.

Такія шчыраваньні лукашыстоўскай вертыкалі нагадваюць старонкі раманаў Леона Фэйхтвангэра пра эпоху гітлерызма. Там таксама ёсьць пэрсанажы зь нямецкай дыпслужбы, якія ў Парыжы клапоцяцца аб прывабным іміджы сваёй рэжымнай сістэмы, нават кнігі і артыкулы на гэтую тэму папісваюць. Ёсьць і прызнаньні культурных дзеячаў Нямеччыны, якія ўсё разумеюць, але езьдзяць на замежныя гастролі, каб “зусім ня ўпала нямецкая культура”. Але нават гітлерызм не дадумаўся да зьнішчэньня ў Нямеччыне нямецкай мовы і культуры.

Янка Базыль