ТАНКАВЫЯ ЗАБАЎКІ
З раніцы 12 верасьня расейскае тэлебачаньне “загружала” (як кажуць маладыя) беларусаў сваёй прадукцыяй. Многія ў нас даўно кінулі глядзець навіны ад БТ і аддаліся ва ўладу расейскіх каналаў. Тым больш, што тут раз-пораз і пра нас пакажуць.
Яны паказалі і гэтым разам. У рубрыцы “із заграніцы” пасьля паказу яркіх панарамных кадраў пра Каталонскі Шлях, дзе сотні тысячаў людзей сталі ланцугом праз усю сваю краіну за Незалежнасьць, быў уключаны сюжэт “із Белоруссіі”. Бадзёры журналісьцік проста лопаўся ад захапленьня, так і зрываўся на фальцэт, імкнучыся перакрычаць грукат танкаў. Гэта быў рэпартаж з міфічнай “Лініі Сталіна” пад Менскам, дзе рэжымныя “музэйшчыкі” ладзілі чарговую гульню з удзелам савецкай і нямецкай бранетэхнікі. Яны езьдзілі кругамі і петлямі, стралялі хлапушкамі і па-ўсякаму забаўлялі публіку, што стаяла за стужкай. Апошнім акордам тэлешэрагу пад аптымістычна-марсавы камэнтар журналісьціка быў статычны кадр: танк пад вялікім сьцягам СССР і з надпісам на вежы “За нашу советскую Родину!”
І што яны так разгуляліся-расстраляліся? Да чаго б усё гэта? Зразумець іх можна, у краіну едуць эшалёны расейскіх войскаў і тэхнікі. Разгортваюцца маштабныя манэўры на тэму, як трэба штурмаваць Польшчу і Прыбалтыку. Трэба падтрымаць баявога духа ў беларускім народзе. Трэба нагадаць яму гэбельсаўскім спосабам, на якіх танках і зь якой сымволікай трэба ваяваць і паміраць. Мяркуем, што танкавая тэма будзе працягвацца.
А каталонцы становяцца муром на сваёй зямлі, уздымаюць нацыянальныя сьцягі і дамагаюцца незалежнасьці...
Ян Булыга