ЗЛАЧЫНЦЫ ДЫКТУЮЦЬ ПАКАРАНЬНІ
29 жніўня Савет міністраў РБ вырашыў унесьці зьмены ў Крымінальны кодэкс, што ў СМІ сфармулявана наступным чынам:
“якія ўзмоцняць адказнасьць за неапавяшчэньне пра падзеж і захворваньні жывёл, за вытворчасьць, продаж або выкарыстаньне недабраякасных кармоў і кармавых дабавак, парушэньне карантынных правілаў і абмежаваньняў, а таксама іншых вэтэрынарных правілаў. У населеных пунктах, у якіх зарэгістраваная АЧС, забаронена ўтрыманьне сьвіней на асабістых падворках грамадзян, а таксама на падворках работнікаў жывёлагадоўчых аб'ектаў”. І гэтак далей, але гэта галоўнае.
Аднак, паўстаюць пытаньні: чаму не праведзена сьледства ў справе дапушчэньня чумы сьвіней на нашую дзяржаўную тэрыторыю? Хто нясе адказнасьць за гэта? Чаму гэтыя службовыя асобы засталіся на сваіх месцах, беспакараныя і цяпер выдаюць антычумныя рэскрыпты, робячы выгляд, што яны “тут ні пры чым”?
Ужо прызнана нават лукашыстоўскім афіцыёзам, што чума прышла да нас з Расеі. Канкрэтна з атручанымі кармамі. Вядома, што дзяржадміністрацыя і адпаведныя дзяржслужбы Ўкраіны сваечасова адсачылі расейскую сьвіную небясьпеку і прынялі шэраг захадаў, у выніку якіх ім удалося спыніць на дзяржаўных межах Украіны страшную пошасьць. Вядома, што ў той самы час рэжымныя адміністрацыя і службы РБ рабілі выгляд, што ўсё ў парадку і не зрабілі роўна нічога для недапушчэньня пошасьці ў наш народны дом. Гэтае чынавенства, пачынаючы з самага высокага ўзроўню, нясе крымінальную адказнасьць за злачыннае невыкананьне сваіх службовых абавязкаў. Сьледства павінна было б разабрацца, ці ня ёсьць у наяўнасьці сьведамая шырокамаштабная дывэрсійная акцыя супраць Беларусі? Толькі ня трэба лукашыстоўскай вертыкалі расказваць нам, што яны нічога ня ведалі. Ведалі яны ўсё, расейскія СМІ не хавалі праблему АЧС на працягу апошніх сямі гадоў. Пра тое, што яны ведалі, сьведчыць таксама той факт, што летась шэраг асобаў з абласнога вэтэрынарнага начальства раптам звольніліся з сваіх прэстыжовых і добра аплочаных пасадаў. Можа яны дарэмна ўцяклі? Нікога так і не прыцягнулі да адказнасьці.
Якога яшчэ жудаснага падарунка трэба чакаць зь неіснуючай, ліквідаванай рэжымам дзяржмяжы з Расеяй?
Сымон Рудзік