ПАЕХАЛІ ГРУЗАВІКІ...
Разрабаваньне натуральных багацьцяў на тэрыторыі Расеі — рэч вядомая. Высякаюць і прадаюць замяжу цэлыя лясныя абшары, вывозяць мінэралы, па-варварску пампуюць нафту і газ. Расейскія тэлеканалы паказалі, што даволі даўно рабаўнікі-“патрыёты” ўзяліся за саму “землю русскую”. Арганізаваныя банды зьбіраюць тэхнапарк з самазвалаў, бульдозэраў і экскаватараў, набіраюць “чалавечы матэр'ял” і робяць наезды на чарназемныя вобласьці (дзе людзей няма, а на чарназёме расьце бадыль з крапівой). З зайздросным імпэтам, вартым лепшага прымяненьня, яны зграбаюць цэлыя кубакілёмэтры каштоўнейшага чарназёму, загружаюць зямлю ў грузавікі і перапраўляюць замяжу. У культурных краінах урады і людзі знаходзяць адэкватнае прымяненьне чарназёму.
У Беларусі апошнім часам таксама назіраецца актыўны рух грузавікоў з прычэпамі. У нашай краіне няма покуль што такой варварскай буйнамаштабнай дзейнасьці па зьнішчэньню прыроднага асяроддзя і самой зямлі. У нас іншая бяда. Калгасы і прыватнікі нарыхтавалі былі кармоў для сьвіней (кармавыя буракі, дробная бульба і г.д.). Рэжым сьвінак зьнішчыў, кармы гніюць і абцяжарваюць гаспадаркі. Калгасы і людзі пачалі актыўна пазбаўляцца ад гэтага баласту. Зразумела, што ў людзей сэрца баліць, калі трэба зьнішчаць плён і пэрспэктыву сваёй працы. Ва ўсіх, практычна, раёнах на ўзбочынах дарог, у лясах і на палях бачныя цяпер кучы нявыкарыстаных кармоў для неіснуючых сьвіней.
Гнілыя кучы — сымвал гніеньня антынароднага рэжыму.
Янка Базыль