“ЗА РАДЗІМУ, ЗА СТАЛІНА!”

Вядома, што чытаньне правінцыйнай прэсы — гэта часам захапляльны занятак. Непаўторны стыль “раёнкі” выклікае шэраг асацыяцый ў рэчышчы татальнай карэізацыі нашага грамадзтва рукамі прамаскоўскага рэжыму.

Вось нумар ад 7 верасьня газэткі “Родная ніва”, якая выдаецца ўладай у Клімавічах, што на Магілеўшчыне. Каронны артыкул называецца “Танк взошёл на постамент” (зразумела, што, акрамя тытула, у газэтцы нічога больш па-беларуску няма і не бывае). У артыкуле расказваецца, як 5 верасьня ў Клімавічах адбылося адкрыцьцё помніка пад назовам “Танк ІС-3”. Савецкі танк часоў ІІ Сусьветнай вайны закацілі на пастамэнт і з помпай адсланілі наступныя афіцыйныя таварышы: старшыня Магілеўскага аблвыканкама П. Руднік і міністар абароны РБ вядомы генэрал Ю. Жадобін. Газэта падае таксама салідны сьпіс удзельнікаў ад генэралітэта: начальнік узбраеньня Узброеных Сілаў РБ генэрал-маёр І. Люцянкоў, першы намесьнік міністра абароны РБ генэрал-маёр І. Лаўрыненка, памочнік міністра абароны РБ па ідэалагічнай працы генэрал-маёр А. Гура, камандуючы спэцназам Узброеных Сілаў РБ генэрал-маёр А. Белаконеў. Былі таксама цывільныя начальнікі з суседніх раёнаў і вэтэраны ВАВ.

Найбольш выразна пра падзею выказаўся (зразумела, па-маскоўску) магілеўскі абласны “губэрнатар” П. Руднік: “Наследие победы огромно, но его необходимо защищать. Наша задача — не допустить, чтобы была переписана история”.

Прапануем крыху прааналізаваць гэты ключавы фрагмэнт губэрнатарскага спіча. Можа якія лепшыя знаўцы “русского языка” патлумачаць нам, што такое ёсьць “огромное наследіе победы”. Мы думалі, што “огромным” (вялікім па памерах) бывае пасаг нявесты або дзядзькава маёмасьць, перададзеная ў спадчыну. Наконт “победы” ёсьць пытаньні. Сярод іх адно: як гэта так атрымалася, што пераможаныя немцы жывуць непараўнальна лепш і ў дэмакратычнай дзяржаве, а “победітелі” на пачатку 21-га стагоддзя знаёмяцца з самай пачварнай на кантынэнце дыктатурай і ня могуць зьвесьці канцы з канцамі? Але гэта рыторыка.

Ёсьць больш канкрэтнае пытаньне, зусім не рытарычнае. Савецкая традыцыя ставіць танкі ў выглядзе манумэнтаў — рэч даволі даўняя і падзабытая. З чаго раптам, праз дзесяцігоддзі пасьля заканчэньня баявых дзеяньняў на Магілеўшчыне спатрэбілася зноў цягаць цяжкую бранетэхніку і зьбіраць вакол яе вялікую колькасьць людзей і начальства? Больш таго, чаму раптам шэраг першых генэралаў рэжыму начале з самым галоўным пакінулі арміі і штабы ды пасунуліся ў глыбінку адсланяць помнік танку “Іосіф Сталін-3” (так расшыфроўваецца згаданая абрэвіятура)? З чаго раптам яны так сьвяціліся сваімі залатымі пагонамі, штанамі ў лампасах і каласальнымі фуражкамі-патэльнямі? “Губэрнатар” патлумачыў нам: “Не допустим, чтобы была переписана история...” Гэта значыць, што як толькі ў якой-небудзь Польшчы або Летуве апублікуюць школьны падручнік або манаграфію з разаблачэньнем ролі Крамля ў разьвязваньні вайны і знішчэньні народаў і людзей, то Жадобін з генэралітэтам гэтага “не дапусьціць”. Цікава было б паглядзець, як жадобінскі танк “ІС” штурмуе варшаўскую рэдакцыю “Вучпэддрука” і аднаўляе гістарычную справядлівасьць. У іх наўрад-ці атрымалася б. Цяпер нават сірыйскія падлеткі паляць значна больш мадэрновыя рэжымныя танкі маскоўскай вытворчасьці.

Але гэта, зразумела, іранічны вобраз. А постсавецкія генэралы жартаў не разумеюць. Справа сапраўды не жартоўная. Помпа на магілеўскай правінцыі мае сур'ёзны і рацыянальны сэнс. Падобна, што ў акупаванай Беларусі распачынаецца шырокая кампанія ваеннай істэрыі пад крыптонімам “мы ім покажем!” Рэжым пакуль што не патлумачыў, каму ён зьбіраецца нешта “паказваць”. Але гэта ня мае ніякага значэньня. Яны знойдуць каму “паказаць”. Пад вызначэньнем “яны” мы маем на ўвазе зусім не мясцовае начальства ў мундзірах і без. Гэтыя з галоўным начальнікам мясцовага рэжыму — публіка несамастойная. Яны будуць выконваць тое, што загадае ім Масква, сапраўдны гаспадар на нашай акупаванай зямлі. Многія аналітыкі і мільёны простых людзей ужо здагадваюцца, што правальны крызіс ставіць маскоўскую імпэрыю перад непазьбежнасьцю татальнага абвалу і распаду. Даўні вядомы спосаб паратунку імпэрыі — гэта вайна, што дазваляе здушыць грамадзтва і прымусіць яго ахвяравацца за кіруючую кліку пад соўсам “За Родзіну, за Сталіна!” Цікава, што мілітарысцкую кампанію акупанты распачалі менавіта з нашай Беларусі. Беларускім мужчынам прапануецца сесьці ў расейскія танкі і “показать ім”.

Самы час нашаму народу задумацца над бліжэйшай будучыняй і небясьпекай расейскага імпэрыялізма.

Ян Булыга