НАРОДНАЕ ІГНАРАВАНЬНЕ ВЫБАРАЎ У МАСКВЕ

9 верасьня латвійская газэта “Diena” апублікавала артыкул пад тытулам “На выбарах мэра Масквы перамог цяперашні кіраўнік горада Сабянін”. Вось гэты артыкул:

На выбарах мэра Масквы, што адбыліся ў нядзелю, атрымаўшы 51,27% галасоў перамог цяперашні начальнік горада Сяргей Сабянін, пасьля апрацоўкі 99% галасоў, як паведаміла раніцай у панядзелак выбарчая камісія. Лідэр пратэстнага руху Аляксей Навальны застаўся на другім месцы з 27,3%.

Сабянін ужо выказаў задавальненьне вынікамі і выказаў перакананьне, што другі раз галасаваць не спатрэбіцца. Ён таксама прызнаўся, што прэзыдэнт Расеі Уладзімір Пуцін яшчэ не павіншаваў яго.

У той жа час штаб Навальнага настойвае, што трэба арганізаваць галасаваньне яшчэ раз.

“Тое, што мы зараз бачым, ёсьць відавочнай фальсіфікацыяй, арганізаванай маскоўскай мэрыяй, як здаецца, паводле загадаў Крамля”, — сказаў Навальны.

“Мы бачым, што вызначаны вынік у 51,5% быў гарантаваны дзякуючы толькі і выключна незаконнаму ўкідваньню бюлетэняў, якое яны арганізавалі падчас галасаваньня па-за выбарчымі ўчасткамі”, — сказаў апазыцыйны кандыдат, гаворачы пра дадзеныя адразу пасьля поўначы. Паводле самых апошніх дадзеных, Сабянін перамог нават зь яшчэ меншай перавагай галасоў.

“Мы не прызнаем гэтае галасаваньне па-за выбарчымі ўчасткамі. Мы лічым, што трэба арганізаваць выбары яшчэ раз. Мы патрабуем ануляваць галасаваньне па-за ўчасткамі, мы патрабуем паўторных выбараў”.

“Калі гэтага не адбудзецца да заўтрашняй раніцы, мы прааналізуем інфармацыю яшчэ раз, мы атрымаем яшчэ больш сьведчаньняў, заўтра мы перадамо дэталізаваныя падлікі ўсяго гэтага”.

“Але мы зьвернемся да грамадзянаў і будзем заклікаць іх выйсьці на вуліцы Масквы, калі маскоўская мэрыя і надалей будзе бессаромна таптаць нагамі правы масквічоў на ўдзел у выбарах. Гэта наш голас, мы ня хочам яго аддаваць”. — заключыў Навальны.

Актыўнасьць выбаршчыкаў была даволі нізкай. Паводле папярэдніх вынікаў, у выбарах ўзялі ўдзел 33% выбаршчыкаў.

LETA-AFP/NEWS.RU

Пераклаў з латышскай В. Буйвал

Крыніца: http://www.diena.lv/pasaule/maskavas-mera-velesanas-uzvarejis-lidzsinejais-pilsetas-vaditajs-sobjanins-14023972

У Маскве шмат людзей з залежных катэгорый грамадзтва: легіёны чынавенства, дзяржслужбаў, арміі і г.д. І нават з абавязкавым удзелам гэтай публікі выбарчы фарс праваліўся, людзі на яго не пайшлі. “Дорогіе москвічі” канчаткова зразумелі, што няма сэнсу хадзіць на выбарчыя ўчасткі і ставіць крыжыкі — рэжымная махіна толькі пакарыстаецца іхнай прысутнасьцю і зробіць па-свойму.

Не дапамаглі нават пасіянарныя штучкі Навальнага, які заклікаў быў “на абарону дэмакратыі”. Цяпер ён з пафасам, знаёмым нам па Вінцучку, Мілінкевічу і падобным, заяўляе, што “вядома было пра фальсіфікацыі” і “выйдзем на вуліцы”. Але выглядае гэта сьмешна. Масавага рушэньня за псэўдаапазыцыйнай падстаўной пустышкай на маскоўскіх вуліцах ня будзе. Прыйдуць “тыя самыя”.

Выбарчыя ўчасткі стаялі поўпустымі. Масква прагаласавала нагамі...

Павел Гулевіч