НЕЛЬГА ВЕРЫЦЬ ФАЛЬШЫВЫМ ЛІБЭРАЛАМ

З Нідэрляндаў паступілі “рэвэляцыйныя“ зьвесткі: Вышэйшы суд у Гаазе пацьвердзіў рашэньне суда ніжэйшай інстанцыі і вынес прысуд аб тым, што Нідэрлянды нясуць адказнасьць за сьмерць трох басьнійцаў, расстраляных у 1995 г. у Срэбраніцы. Чакаюцца наступныя заявы ў суд ад сем'яў ахвяраў басьнійскіх мусульман.

Справа ў тым, што ўлетку 1995 г. паводле мандату ААН нідэрляндскі батальён міжнародных сілаў у Босьніі ўзяўся ахоўваць тэрыторыю вакол Срэбраніцы, гарантуючы бясьпеку тысячам мусульманскіх сем'яў, якія схаваліся там ад сэрбскага тэрору. Але, калі падышлі сэрбскія карніцкія аддзелы, нідэрляндскія вайскоўцы (якія складаліся ў значнай частцы з гомасэксуалістаў (спэцыяльны падбор) не выканалі свае абавязкі і ганебна пакінулі Срэбраніцу (Сэрбы некаторых з гэтых “ваяк” злавілі, адабралі зброю і прывязалі да дрэва). Карнікі расстралялі ў Срэбраніцы тысячы людзей. Сярод ахвяраў былі брат і пляменьнік мусульманскага перакладчыка войскаў ААН і чалавек, які працаваў электрыкам на ваеннай базе ААН. ААНаўскія калегі адмовіліся ратаваць іх і выдалі сэрбам. Нідэрлянды дагэтуль адмаўляліся прызнаць сваю адказнасьць за крывавае злачынства. І вось настойлівасьць людзей, што шукаюць справядлівасьці, дала першы вынік. Цяпер афіцыйная Гаага будзе вымушана выплаціць сем'ям ахвяраў мільённыя кампэнсацыі. І гэта толькі пачатак.

У сувязі з гэтым трэба нагадаць аб тым, што доўгія гады замоўчвалася палітыкамі і СМІ ўсяго сьвету, а стала шырока вядомым адносна нядаўна. Аказалася, што людзі, якія хаваліся ў Срэбраніцы, мелі сваю ахову — узброеных байцоў народнага мусульманскага апалчэньня. Але заходнія дабрадзеі пераканалі партызанскіх камандзёраў, што “лепш не дражніць сэрбаў” і аддацца пад апеку нідэрляндскага батальёна. Партызаны зрабілі лёсавызначальную памылку і склалі сваю зброю пад ногі афіцэрам у блакітных касках. Што было потым, вядома...

Калі народ пачынае ўзброеную барацьбу супраць ворагаў, верыць можна толькі сабе. Нельга паддавацца на ўгаворы чужых і фальшывых, якія ў любы момант гатовыя ўцячы ад адказнасьці. Нельга здаваць зброю нікому да самай перамогі над ворагам. Калі зрабіць такую памылку, то ахвяры будуць значна большымі, вораг будзе беспакарана зьнішчаць, а “дабрадзеі” будуць цынічна выкручвацца ад адказнасьці.

Гэта зразумелі і басьнійскія мусульмане. Больш яны зброю не складвалі. Лідэры Босьніі страцілі давер да лібэральнай Эўропы. Яны паехалі ў мусульманскія краіны і папрасілі дапамогі ў адзінаверцаў. Іхны заклік знайшоў энтузіястычны водгук. У Босьнію пайшла плынь дапамогі: атрады дабраахвотнікаў, ваенспэцы, зброя, танкі, амуніцыя, мэдпэрсанал, палявыя шпіталі. Басьнійская армія пачала біць сэрбскіх забойцаў і ўрэшце разграміла іх.

Цяпер на Захадзе чуюцца галасы, што маўляў Босьнія “не падзяляе эўрапейскія ідэалы” і г.д. Што там маўляў ёсьць барадачы-ісламісты, якія варожа ставяцца да Эўропы. А што ж вы хацелі, панове лібэралы? Такая была ваша барацьба “за правы чалавека” у няшчаснай Срэбраніцы? Вось цяпер ёсьць вынік вашай крывадушнай палітыкі, вашай антынароднай хлусьні.

Янка Базыль