АНТЫНАРОДНАЯ, АНТЫДЗЯРЖАЎНАЯ ПАЛІТЫКА КІРУЮЧАЙ КЛІКІ
31 жніўня рэжым праводзіў “Дзень беларускага пісьменства” у Быхаве. Наш гістарычны горад быў запоўнены рэкламай і прапагандай на расейскай мове. На мове акупанцкай імпэрыі прамаўлялі на публіцы мясцовае начальства і міністар культуры РБ тов. Светлов. У гэтым прафанацыйным кантэксьце ўжо ня важна, што яны там гаварылі, што абяцалі і ў чым апраўдваліся. Яны дэманстравалі сваю адданасьць злачыннай палітыцы русіфікацыі, якая зьяўляецца прыладай канчатковага зьнішчэньня беларускай нацыі і яе культуры.
Найбольш кур'ёзным у дэкарацыях гэтага “Дня” былі вэртыкальныя расьцяжкі з выявай чалавечкаў на фоне сьцяга БССР-РБ і слоўны пасыл-дэвіз: “Семья — Единение — Отечество”. Такія “трыяды”, калі ўспомніць мінуўшчыну, вельмі любіў таталітарны “рамантык” Мусаліні. Але ён не дадумаўся адмяніць італьянскую мову і гісторыю (а рабіў нават наадварот). З “семьёй” лукашызм ужо грунтоўна і па-крымінальнаму “разабраўся”: народ вымірае, сем'і распадаюцца, сотні тысячаў беларусаў ня могуць зарабіць на роднай зямлі на элемэнтарныя патрэбы і вымушаны падацца ў маскоўскае рабства. С “едіненіем” рэжым неяк ня надта высоўваецца апошнія гады, хаця зразумела, што маецца на ўвазе паглынаньне Расеяй нашай краіны. Што такое “отечество” для рэжымнага начальства і прапагандыстаў, зразумела з самага пачатку іхнага рэжыму — “Велікая Россія”. Адным словам, у наяўнасьці антынародная і антыдзяржаўная палітыка кіруючай клікі.
Так паводзілі сабе, напрыклад, нямецкія акупанты ў падбітых краінах. У акупанцкіх структурах былі асобы і аддзелы, адказныя за “разьвіцьцё культуры”. Акупаваныя народы не падманваліся акупанцкімі дэкларацыямі, а змагаліся супраць акупантаў. Потым, на Нюрнбэргскім і іншых працэсах шэраг згаданых асобаў і аддзелаў сьведчылі аб тым, што іхная дзейнасьць была накіравана на зьнішчэньне нацыянальных эліт і нацыянальных культур. Суду прадастаўляліся дакумэнты на гэтую тэму.
У Беларусі ўсе наперадзе.
Алесь Хадасевіч